У 2023 годзе Польшча адмовіла ў часовым ДНЖ амаль 14% заяўнікаў зь Беларусі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве, сакавік 2021 году

У 2023 годзе Польшча адмовіла ў наданьні часовага дазволу на жыхарства 13,9% заяўнікаў зь Беларусі, піша «Позірк» са спасылкай на дасьледаваньне рэсурсу «Польскі кансультант».

Для параўнаньня: сярод грамадзян Расеі адмовы ў часовым дазволе на жыхарства летась атрымалі 36,2% заяўнікаў, грамадзян Украіны — 5,7% адмоваў, грамадзян іншых дзяржаў — 17%.

Агулам за 2023 год адмовы атрымалі 6,5% замежнікаў, якія прэтэндавалі на атрыманьне карты побыту ў Польшчы. Самая вялікая доля адмоваў была ў Мазавецкім ваяводзтве (дзе Варшава) — 14,96%.

У 2023 годзе Польшча выдала беларусам 59 627 часовых дазволаў на жыхарства (17,8% ад агульнай колькасьці). Агулам у Польшчы летась выдалі 334 381 часовы дазвол на жыхарства, найбольш — грамадзянам Украіны (65% ад агульнай колькасьці), найменш — расейцам (2%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі колькасьць беларусаў, якім у 2023-м не далі дазвол на жыхарства праз «пагрозу нацыянальнай бясьпецы»

Раней ва Ўпраўленьні па справах замежнікаў заявілі, што ў 2023 годзе 27 грамадзян Беларусі атрымалі адмовы ў выдачы пасьведчаньня на права жыхарства ў Польшчы ў сувязі з пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі.

На 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118 562 грамадзяніны Беларусі, якія маюць сапраўдны дакумэнт, выдадзены ў Польшчы, які дае права на знаходжаньне на тэрыторыі краіны, пісаў раней Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на ўпраўленьне па справах замежнікаў Польшчы.

Зь іх:

  • 39 553 беларусы мелі сталы дазвол на жыхарства,
  • 69 399 — часовы дазвол на жыхарства,
  • 6555 чалавек — дадатковую абарону,
  • 1160 — дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта Эўразьвязу,
  • 436 — часовую абарону,
  • 578 — статус уцекача,
  • 881 — «іншыя падставы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі, што зь Беларусі за 2021–2022 гады выехалі больш за 200 тысяч грамадзян
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 дзён, каб сабраць рэчы. Грамадзяніна Беларусі могуць выслаць з Польшчы, а ён не разумее, чаму