Калі беларусы змогуць зноў атрымліваць чэскія візы ў Беларусі? Ці аднолькава чэскія ўлады глядзяць на беларусаў і расейцаў?
На гэтыя ды іншыя пытаньні адказаў Давід Стулік, нядаўна прызначаны на пасаду спэцыяльнага пасланьніка для Ўсходняга партнэрства ў Міністэрстве замежных спраў Чэхіі.
Поўнае відэа гутаркі.
Фрагмэнты размовы.
- Рэжым Лукашэнкі сам адмовіўся ад удзелу ў праграмах Усходняга партнэрства. Але ЭЗ хоча далей працаваць зь беларускім грамадзтвам, зь беларускімі актывістамі, з журналістамі, з апазыцыйнымі дэмакратычнымі дзеячамі.
- Мы запрашаем для перамоваў прадстаўнікоў Беларусі, але не афіцыйнага Менску. Як толькі ў Беларусі зьменіцца ўлада, яна адразу ж будзе мець месца за сталом Усходняга партнэрства.
- Беларускія рэпрэсаваныя актывісты, а таксама іх сваякі могуць атрымаць так званыя гуманітарныя візы ў Чэхію праз праграму «Грамадзянская супольнасьць». Але агульная палітыка нашай дзяржавы ў гэтым пытаньні такая ж, як да грамадзян Расеі — то бок не выдаваць візаў.
- Ёсьць выняткі, якія робіць Чэхія. Вядома ж, іх менш, чым робіць Польшча ці Літва. Мы ўвесь час шукаем спосабы, як дапамагчы тым, каму трэба.
- Афіцыйна Рэспубліка Беларусь падтрымлівае агрэсіўную палітыку Расеі. Таму пакет санкцый ЭЗ выкарыстоўваецца для абедзьвюх краін. Але мы намагаемся дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Да прыкладу, былі саступкі і кампрамісы датычна візаў для беларускіх студэнтаў, якія маюць праблему з тым, каб абнавіць пашпарт. Гэта іншы падыход, чым да студэнтаў з Расейскай Фэдэрацыі.
- Вядома ж, адказнасьць за вайну найперш нясе рэжым. Праблема ў тым, як адасобіць людзей ад дзяржавы. І магу вас запэўніць, што мы ўвесь час шукаем такую магчымасьць. Але часам цяжка вэрыфікаваць людзей і адрозьніваць, хто ёсьць хто.
- Калі ў Менску зьменіцца ўлада, я ўпэўнены, што Беларусь далучыцца да праграмы Ўсходняга партнэрства. А потым беларуская грамадзкасьць будзе мець бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам — як украінцы, грузіны ці малдаване. Будзе і дамова пра асацыяцыю, і пэрспэктывы сяброўства ў ЭЗ. Адкрыецца рынак працы і магчымасьці падарожжаў.
- Наша пасольства працягвае працаваць у Менску, ёсьць афіцыйныя кантакты. І пасьля 2020 году былі моманты, калі ўлада ў Менску дасылала сыгналы, што гатовая да перамоваў. Былі нават размовы пра вызваленьне палітвязьняў. Але потым Лукашэнка зноў разьвярнуўся да Масквы.
- Ва ўсіх рэзалюцыях, заявах і дэклярацыях ЭЗ увесь час ёсьць заклікі да вызваленьня людзей, якіх незаконна ўтрымліваюць за кратамі. Нашы патрабаваньні зразумелыя. І гэта пытаньне да Лукашэнкі і ягонага атачэньня — ці скарыстаюцца яны рукой, працягнутай з боку заходніх краін.
- Для нас офіс Сьвятланы Ціханоўскай і людзі, якія яго тут прадстаўляюць, — вельмі важныя партнэры. Бо мы разумеем, што адбылося на прэзыдэнцкіх выбарах, — што ў пані Ціханоўскай скралі перамогу і што яна прадстаўніца беларускіх грамадзян. Мы будзем зь імі супрацоўнічаць і адначасова заклікаць іх, каб яны супрацоўнічалі зь іншымі арганізацыямі ў дыяспары, бо яны маюць агульную мэту.
- Калі 25 сакавіка з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай мае афіцыйна адкрывацца памяшканьне Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, можна чакаць удзелу чэскай улады на вельмі высокім узроўні. Бо пані Ціханоўская пра гэта раней размаўляла з прэзыдэнтам Чэхіі, з прэм’ер-міністрам, з нашым міністрам замежных справаў. Пакуль няма рашэньня, хто гэта будзе, але гэта будзе вельмі высокі ўзровень.
- Ніхто не чакае, што ўнутры Беларусі ўсе будуць героямі і пойдуць ваяваць з рэжымам. І, вядома ж, такія рэчы лёгка казаць, седзячы ў Празе. Але я хацеў бы прасіць усіх, хто ня згодны з гэтым рэжымам, штодня рабіць свае маленькія крокі, каб улада ў Беларусі стала дэмакратычнай і такой, якая скіруе Беларусь туды, дзе месца Беларусі. А гэта Эўропа, а ня ўсходні кірунак. Кожны чалавек мае сам думаць, што можна зрабіць, каб гэты рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым перастаў існаваць.