У сеціве масава пачалі зьяўляцца фэйкавыя «анкеты для атрыманьня нацыянальнага пашпарта Беларусі»

У сеціве пачалі масава зьяўляцца сайты, старонкі ў сацыяльных сетках і рэкляма, нібыта зьвязаныя з праектам «пашпарта Новай Беларусі». У Аб’яднаным пераходным кабінэце заявілі, што гэтыя старонкі — фэйкавыя і што іх, верагодна, стварылі для збору пэрсанальных зьвестак беларусаў за мяжой.

У прадстаўніцтве АПК у замежных справах заявілі, што Абʼяднаны пераходны кабінэт, яго прадстаўніцтва ў замежных справах і Офіс Ціханоўскай не складаюць аніякіх сьпісаў на атрыманьне «новага нацыянальнага пашпарта» і што любыя такія сайты, старонкі ў сацсетках і рэкляма — гэта «правакацыя спэцслужбаў рэжыму з мэтай сабраць інфармацыю пра беларусаў па-за межамі краіны». У ведамстве папрасілі беларусаў «берагчы сябе і свае пэрсанальныя дадзеныя».

У прадстаўніцтве падкрэсьлілі, што не запускалі і не плянуюць запускаць ніякія рэклямы дзеля збору асабістых дадзеных беларусаў, а адзіная кампанія, якую цяпер актыўна вядуць, — гэта «рэкляма» самога праекту новага нацыянальнага пашпарта Беларусі перад заходнімі партнэрамі.

«Мы толькі рыхтуем орган, які будзе зьбіраць і захоўваць дадзеныя беларусаў. І нават калі орган зьявіцца, малаверагодна, што такія дадзеныя будуць зьбірацца праз гугл-форму», — патлумачылі «Медиазона. Беларусь» у прадстаўніцтве АПК у замежных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і праваабаронцы папярэдзілі беларусаў пра фэйкавыя рассылкі ад іх імя
  • Аб праекце «пашпарта новай Беларусі» стала вядома ў лютым 2023 году. Беларускія дэмакратычныя сілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумэнт на фоне ўнясеньня паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасьць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага ў тым ліку на падставе права нараджэньня, беларусаў, асуджаных за «экстрэмізм», якія зьехалі за мяжу. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» набыла моц у ліпені.
  • 4 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
  • Першыя фэйкавыя рассылкі з заклікам да беларусаў дасылаць ім свае пэрсанальныя зьвесткі для запісу на атрыманьне новага нацыянальнага пашпарта Беларусі зьявіліся 13 сьнежня 2023 году. Прэс-служба Ціханоўскай і АПК папярэдзілі пра фэйкавыя рассылкі ад іх імя і заклікалі беларусаў не дасылаць свае зьвесткі невядомым.
  • Раней сілавікі ўжо неаднойчы стваралі фэйкавыя акаўнты розных каналаў дэмакратычных сілаў, пратэставых аб’яднаньняў і незалежных СМІ, каб атрымаць асабістыя зьвесткі беларусаў, дзякуючы чаму тых пасьля затрымлівалі сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта можа быць рэпэтыцыя». Як адбывалася кібэратака на дэмакратычныя структуры і ці можна абараніцца ад гэтага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Petitions.by патлумачыла, у чым прычына фэйкавай рассылкі і ці «зьліліся» зьвесткі карыстальнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Лібер: у якой стадыі новыя пашпарты, ці застаецца Беларусь ІТ-дзяржавай і калі пачнуцца перамены