Ці трэба ў Беларусі блякаваць працу відэахостынгу YouTube, сацсеткі Instagram або іншых пляцовак, якімі актыўна карыстаюцца жыхары краіны, расказала ў эфіры АНТ былая прэс-сакратарка МУС, а цяпер начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкаму Вольга Чамаданава.
«Усё, што мы сёньня з вамі забаронім, абмяжуем і гэтак далей... Паверце вы мне, у далейшым мы будзем вырашаць больш глябальныя праблемы. Мы проста створым іх яшчэ больш», — сказала Чамаданава.
На думку ідэоляга, людзі, якія карыстаюцца гэтымі рэсурсамі, «усё роўна прыйдуць да таго, да чаго вельмі імкнуліся».
«Самае складанае заўсёды было — гэта займацца прафіляктыкай. Знайсьці мэханізмы і спосабы, якія б ідэальна сёньня падыходзілі для ўсіх, — так, вось гэта цяжка... — сказала Чамаданава, падкрэсліўшы, што калі не ісьці па шляху блякаваньня і абмежаваньняў, то беларускія ўлады, наадварот, ад гэтага выйграюць.
Міністэрства інфармацыі рэгулярна блякуе сайты незалежных і беларускіх СМІ. Матэрыялы замежных большасьці незалежных айчынных мэдыярэсурсаў прызнаныя «экстрэмісцкімі», за іх распаўсюджваньне ў сацсетках беларусаў штрафуюць і адпраўляюць на суткі.
Акрамя таго, з 2021 года МУС папаўняе сьпіс «экстрэмісцкіх» фарміраваньняў. Усяго ў яго ўжо ўнесьлі 171 «фармаваньне»: сярод іх шмат тэлеграм-каналаў і чатаў, незалежных СМІ.
Па зьвестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 1 лютага 2024 года 35 супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі знаходзяцца ў няволі. Па выніках мінулага года нашая краіна ўвайшла ў топ-3 у колькасьці журналістаў у зьняволеньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты