Чарговая аварыя: жыхары некалькіх вуліц Менску засталіся без вады

У Савецкім раёне Менску праз пашкоджаньне трубаправоду падчас будаўніцтва мэтро некалькі вуліц засталіся без вады, паведамілі ў Менгарвыканкаме.

Пашкоджаны трубаправод халоднага водазабесьпячэньня. Гэта прывяло да адсутнасьці вады ў жыхароў кварталу вуліц Багдановіча — Кульман — Куйбышава — Сурганава, гаворыцца ў паведамленьні.

Мясцовым жыхарам арганізавалі падвоз пітной вады ў аўтамабільных цыстэрнах. Іх разьмясьцілі па наступных адрасах: вул. Багдановіча — ля дамоў № 78, 86 і 37; вул. Сурганава, д.59; вул. Куйбышава, д. 83.

У «Менскводаканале» запэўнілі, што прымаюць «апэратыўныя меры па аднаўленьні водазабесьпячэньня», выбачыліся і папрасілі жыхароў раёну «паставіцца з разуменьнем да сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску 18 шматпавярховікаў, дзіцячы садок і дом інвалідаў ноч заставаліся без ацяпленьня і гарачай вады
  • У ноч з 30 на 31 студзеня ў Менску засталіся без гарачай вады і ацяпленьня 18 жылых шматпавярховікаў, дзіцячы садок і дом інвалідаў у Партызанскім раёне. Прычына — пашкоджаньне трубаправоду.
  • 30 студзеня без вады і ацяпленьня заставаліся жыхары Мазыра і Азарычаў. У Мазыры прарвала трубаправод, а пасёлак Азарычы застаўся без ацяпленьня з прычыны аварыі на цеплатрасе кацельні.
  • У ноч з 25 на 26 студзеня без гарачай вады і ацяпленьня засталіся жыхары 18 шматпавярховых дамоў у сталічным мікрараёне Ўручча. Прычына — пашкоджаньне трубаправоду.
  • У Віцебску 26 студзеня здарылася чарговая аварыя на цеплавой сетцы. Без гарачай вады і цяпла засталіся 8 дамоў на праспэкце Перамогі. Больш маштабная аварыя на магістральнай цеплатрасе адбылася ў Віцебску ў сярэдзіне студзеня.
  • 23 студзеня двойчы за дзень адбылася аварыя на трубаправодзе ў Клімавічах. Без вады заставаліся больш за 50 шматпавярховікаў і 1,5 тысячы прыватных дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рагачове вяртаюць ацяпленьне і гарачую ваду. Жыхары 37 шматкватэрных дамоў правялі ноч безь цяпла пры мінус 15