СК Беларусі зможа атрымліваць зьвесткі аб пэрсанальных дадзеных фізычных асобаў бязь іх згоды — законапраект

Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Палата прадстаўнікоў Беларусі 31 студзеня прыняла ў першым чытаньні зьмены ў заканадаўства ў пытаньнях Сьледчага камітэту, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.

Праект накіраваны на «ўдасканаленьне прававога рэгуляваньня парадку наданьня СК паўнамоцтваў на апрацоўку пэрсанальных дадзеных», штогадовага дэкляраваньня даходаў і маёмасьці яго супрацоўнікаў, забесьпячэньня іх «прадметамі формы адзеньня, знакамі адрозьненьня па спэцыяльных званьнях і іншай рэчавай маёмасьцю», прыёму на службу ў СК і на «ўдакладненьне статусу курсанта СК», гаворыцца ў паведамленьні.

Законапраект, сярод іншага, прадугледжвае, што:

  • СК будзе ўпаўнаважаны «ў адпаведнасьці з ускладзенымі на яго задачамі бяз згоды фізычных асобаў» атрымліваць зьвесткі «з інфармацыйных рэсурсаў [сыстэм], якія зьмяшчаюць пэрсанальныя дадзеныя», і мець доступ, «у тым ліку дыстанцыйны, да гэтых рэсурсаў».
  • З моманту прыняцьця закону «асобы шараговага і малодшага начальніцкага складу СК» не павінны будуць штогод «прадстаўляць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці».
  • Прадугледжваецца павелічэньне «гранічнага ўзросту прыёму на службу ў СК з 25 да 28 гадоў».
  • Законапраект прадугледжвае наданьне статусу супрацоўніка СК студэнтам, якія навучаюцца па спэцыяльнасьцях СК ва ўстановах вышэйшай адукацыі МУС (Акадэміі МУС у Менску і інстытуту МУС у Магілёве).
  • З кампэтэнцыі Аляксандра Лукашэнкі выключаць паўнамоцтвы па «ўстанаўленьні нормаў забесьпячэньня супрацоўнікаў СК прадметамі формы адзеньня, знакамі адрозьненьня па спэцыяльных званьнях і іншай рэчавай маёмасьцю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога КДБ і ААЦ змогуць атрымаць доступ да баз дадзеных любых сайтаў у Беларусі
  • У кастрычніку 2022 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і Апэратыўна-аналітычны цэнтар атрымалі прамы кругласутачны доступ да базаў дадзеных і інфармацыйных сыстэм інтэрнэт-рэсурсаў Беларусі ў мэтах апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Пастаўшчыкі паслуг электрасувязі і ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў павінны выкарыстоўваць для зносін з органамі «інфармацыйную сыстэму электроннага ўзаемадзеяньня».
  • З 1 сакавіка 2024 году сілавікі — органы пракуратуры, дзяржаўнай бясьпекі, унутраных справаў, Сьледчы камітэт і Апэратыўна-аналітычны цэнтар — атрымаюць так званы «супэрдоступ» да інфармацыі пра плацяжы беларусаў. Улады аргумэнтуюць новаўвядзеньне барацьбой з ашуканцамі. Паводле рашэньня Генпракуратуры КДК, СК і МУС змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён расходныя апэрацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку, калі сілавікі будуць мець зьвесткі ці нават падазрэньні «пра зьдзяйсьненьне супрацьпраўных дзеяньняў».