Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў жаночай калёніі для рэцыдывістак № 24 «Зарэчча» з 22 сьнежня, расказаў у Фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.
Паводле яго, за ўвесь час знаходжаньня ў калёніі № 24 «Зарэчча» ён атрымаў ад Паліны толькі адзін караценькі ліст.
«У ім Паліна проста напісала сьпіс рэчаў, якія трэба тэрмінова выслаць у бандэролі. Гэта шалік, шапка і тэрмабялізна. Зразумела, што Паліна вельмі мерзьне на новым месцы, а яе старыя рэчы згубіліся падчас этапу», — піша Андрэй Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іней на нарах, «шкляныя» робы, тушкі галубоў у вэнтыляцыі. Як вязьні беларускіх турмаў перажываюць зімовыя маразыЁн адзначыў, што бандэроль Паліне выслалі, і яна дайшла да калёніі, але ці аддалі яе Паліне — невядома.
Таксама, паводле Андрэя Шарэнды, у апошнім лісьце Паліна паведаміла, што 8 студзеня напісала заяву на сустрэчу з адвакатам і вельмі чакае яго.
«Сёньня ў Зарэчча даехаў адвакат, каб сустрэцца з Палінай. Але адміністрацыя калёніі не прапусьціла яго. Нібыта няма заявы ад Паліны... Гэта першы званочак, што з Палінай нешта нядобрае», — адзначае муж палітзьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: «Сама схуднела, а твар апухлы». З Палінай Шарэндай-Панасюк у вязьніцы сустрэлася сваячкаПаліна Шарэнда-Панасюк — грамадзкая актывістка зь Берасьця. Была затрыманая 3 студзеня 2021 году, атрымала два гады калёніі. У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калёніі па артыкуле 411 КК. Паліна стала першай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле. А ў 2023 годзе на актывістку завялі яшчэ адну крымінальную справу. Агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня.
На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі зь лекамі.
Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.