«Дачка» кампаніі Visa адмяніла грашовыя пераводы ў Беларусь

Фінансавая плятформа Currencycloud, якая належыць міжнароднай плацёжнай сыстэме Visa, абмежавала грашовыя пераводы ў Беларусь.

Пра гэта піша выданьне Office Life са спасылкай на заяву кампаніі.

Кампанія абнавіла сваю палітыку барацьбы з адмываньнем грошай і выкананьня ўмоваў санкцыяў і адмовілася атрымліваць і пераводзіць грошы зь Беларусі.

Акрамя Беларусі, у сьпіс краінаў, для якіх сталі немагчымыя апэрацыі на плятформе, уключаныя Расея, Казахстан, Іран, КНДР, Куба, Лібія, Судан, Паўднёвы Судан, Сырыя, Вэнэсуэла. Таксама ў сьпісе пазначаныя анэксаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны: Крым, Данецкая, Херсонская, Луганская і Запароская вобласьці.

Currencycloud — глябальная плятформа, якая дазваляе банкам і фінансавым кампаніям па ўсім сьвеце аказваць паслугі па абмене валютаў для міжнародных плацяжоў. У 2021 годзе кампанію набыла Visa.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У банках чэргі: расейцы адкрываюць карты Visa і Mastercard у Беларусі