Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ва Ўкраіну вярнуліся 207 чалавек: вайскоўцы і цывільныя.
Як расказаў кіраўнік Офісу Зяленскага Андрэй Ярмак, сярод украінцаў, якія вярнуліся дадому, ёсьць вайскоўцы Ўзброеных сіл, Нацгвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама Нацыянальнай паліцыі. Сярод вайскоўцаў, паводле яго, «ёсьць абаронцы Марыюпалю, тыя, што былі на «Азоўсталі», востраве Зьмяіным, а таксама хто ваяваў на шэрагу кірункаў».
Мінабароны Расеі паведаміла пра абмен па формуле «195 на 195»: у Расею вярнуліся 195 яе вайскоўцаў. Столькі ж вайскоўцаў, як сьцьвярджаецца, расейскі бок перадаў Украіне.
У Расеі пасьля зьбітага пад Белгарадам самалёта Іл-76 гучалі заявы пра немагчымасьць новых абменаў. Расея настойвала, што на борце зьбітага самалёта былі ўкраінскія палонныя, аднак ніякіх доказаў гэтаму пакуль не зьявілася. Украінскі бок тады адзначыў, што сытуацыя з Іл-76 нэгатыўна паўплывала на працэс абмену, аднак падкрэсьліў, што праца працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбіты Іл-76 у РФ: украінская выведка мяркуе, што на борце маглі быць «і ракеты С-300, і людзі»Крушэньне Іл-76
- Крушэньне вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 адбылося днём у сераду, 24 студзеня, у раёне вёскі Ябланава Карачанскага раёну Белгарадзкай вобласьці.
- Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што на борце Іл-76, які ўпаў, нібыта знаходзіліся 65 палонных вайскоўцаў УСУ, якіх перавозілі ў Белгарадзкую вобласьць для абмену, а таксама шэсьць чальцоў экіпажу самалёта і трое суправаджальнікаў.
- У МЗС РФ крушэньне Іл-76 назвалі «тэрактам» і ўдакладнілі, што «ўдар па самалёце быў нанесены ўкраінскім бокам зэнітнымі ракетамі з раёну н. п. Ліпцы Харкаўскай вобласьці».
- У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, у сваю чаргу, пацьвердзілі, што ў сераду, 24 студзеня, павінен быў адбыцца абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй, але расейскі бок не паведаміў Кіеву пра тое, як менавіта даставяць украінскіх ваеннапалонных да месца абмену. У ведамстве заявілі, што сытуацыя з крушэньнем вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 у Белгарадзкай вобласьці магла быць сплянаванай правакацыяй з боку Расеі.
- Уладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскі бок нібыта ведаў пра тое, што ў самалёце знаходзіліся ўкраінскія ваеннапалонныя. Ён таксама агучыў вэрсію СК РФ, што Іл-76 нібыта атакавалі зэнітнай ракетай з амэрыканскай ці францускай сыстэмы СПА з тэрыторыі Ўкраіны. Пуцін дадаў, што вынікі экспэртыз будуць абнародаваныя «праз два-тры дні».
- Кіеў патрабуе міжнароднага расьсьледаваньня катастрофы самалёта, у Крамлі кажуць, што расьсьледаваньне вядуць расейскія вайскоўцы.