Як зазначае прэс-служба Мінабароны Беларусі, гэты ордэн уручаецца грамадзянам Кубы і іншаземцам, якія вызначыліся «ў барацьбе супраць імпэрыялізму і рэакцыйных сіл, за каштоўны ўклад у будаўніцтва ўзброеных сіл і за высокія дасягненьні ў імя міру і прагрэсу чалавецтва».
«Перакананы, у першую чаргу гэта ацэнка штодзённай ратнай працы ўсіх вайскоўцаў беларускай арміі. Я ўсьведамляю той найвышэйшы ўзровень адказнасьці, які ўсклала на мяне гэтая ўзнагарода. Хачу запэўніць, што мы прыкладзём усе свае сілы для забесьпячэньня міру і бясьпекі», — заявіў з гэтай нагоды Хрэнін.
Падчас візыту ён наведаў акадэмію Рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы імя гэнэрала Максіма Гомэса. Хрэнін выступіў зь лекцыяй.
«Некаторым слухачам, якія вучыліся ў Менску, пашчасьціла атрымаць асабістае запрашэньне ад кіраўніка вайсковага ведамства наведаць Беларусь, каб успомніць курсанцкія гады», — зазначае прэс-служба ведамства.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе адбыўся пасьля сумесных расейска-беларускіх вучэньняў. Пры гэтым беларускія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у поўнамаштабным расейскім уварваньні ва Ўкраіну.
Беларусь і Куба падпісалі шэраг дакумэнтаў аб вайсковай супрацы
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін у часе візыту на Кубу правёў перамовы са сваім кубінскім калегам, міністрам рэвалюцыйных Узброеных сіл Альварам Лёпэсам М’ерам.
«Куба для Рэспублікі Беларусь — гэта важны партнэр на міжнароднай арэне і стратэгічны хаўрусьнік у Заходнім паўшар’і», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.
Паводле міністра абароны Беларусі, дзьве краіны падобныя ў тым, што адстойваюць «свабоду і незалежнасьць, сацыяльную справядлівасьць і раўнапраўнае супрацоўніцтва зь іншымі краінамі».
«Мы падобныя ў тым, што не палохаемся цяжкасьцяў, не адмаўляемся ад вызначаных мэтаў. Мы ганарымся выбраным шляхам разьвіцьця і нікому яго не навязваем. У тым становішчы, якое склалася ў сьвеце і вакол нашых краін, людзі сталі разумець, наколькі важныя такія простыя паняцьці, як стабільнасьць, спакой і мір», — заявіў Віктар Хрэнін.
Паводле яго, абаронныя ведамствы маюць выбудоўваць такія дачыненьні, каб яны адпавядалі запатрабаваньням людзей і каб тыя адчувалі сябе ў бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі наведаў Гавану і назваў Кубу «стратэгічным хаўрусьнікам у Заходнім паўшар’і»