Асноўны трэнд апошняга году — юрыдычная «легалізацыя» рэпрэсіяў, — юрыстка Дзяйкала

Ілюстрацыйнае фота. Менск, 2020 год

Кацярына Дзяйкала, экспэртка Беларускага Хэльсынскага камітэту, кандыдатка юрыдычных навук, аналізуе, што адбылося ў Беларусі з правамі чалавека за мінулы год, адзначае, што ў дзяржаве шпаркімі тэмпамі адбываецца легалізацыя рэпрэсіяў у многіх сфэрах жыцьця, і заяўляе, што ўлады адыходзяць ад прынцыпу індывідуальнай адказнасьці і ўводзяць адказнасьць калектыўную.

Сьцісла:

  • Заканадаўства мяняецца такім чынам, каб проціпраўныя рэпрэсіўныя дзеяньні станавіліся фармальна законнымі.
  • Новыя рэпрэсіўныя захады патэнцыйна могуць зачапіць любога чалавека — нават таго, хто ляяльна ставіцца да ўлады.
  • Адбываецца адыход ад фармальнай роўнасьці ўсіх грамадзянаў перад законам.
  • Улада адыходзіць ад прынцыпу індывідуальнай адказнасьці і ўводзіць адказнасьць калектыўную.

— Кожныя паўгода Беларускі Хэльсынскі камітэт складае агляд «Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі». Чарговае такое дасьледаваньне будзе апублікавана ў найбліжэйшыя дні. У гэтым аглядзе асьвятляюцца найбольш значныя зьмены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека. Што новага ў гэтай сфэры адбылося, якія тэндэнцыі пераважаюць?

— Мы аналізуем, сярод іншага, ключавыя зьмены ў юрыдычнай і палітычнай галінах, а таксама ў тых сфэрах, якія непасрэдна не зьвязаныя з палітыкай, але могуць стаць падставай для пэўных рэпрэсіўных дзеяньняў улады.

Можна канстатаваць, што асноўны трэнд 2023 году, які ўзмацніўся ў другой палове году, — гэта фармалізацыя, «легалізацыя» рэпрэсіяў. Заканадаўства мяняецца такім чынам, каб проціпраўныя рэпрэсіўныя дзеяньні станавіліся фармальна законнымі. Напрыклад, за ўвесь год дзеля гэтага былі зьмененыя больш за 30 нарматыўна-прававых актаў.

— Ініцыятарамі гэтых заканадаўчых зьменаў выступаюць пераважна сілавікі?

Кацярына Дзяйкала

— Не заўсёды. Гэта вельмі розныя ведамствы. Легалізацыя рэпрэсіяў мае сваю эвалюцыю. У 2020 годзе зьявіліся зьмены ў Закон аб грамадзянстве, потым — норма аб магчымасьці канфіскацыі маёмасьці, патрабаваньне паведамляць аб прыняцьці грамадзянства іншай краіны.

У другой палове 2023 году мы назіралі, як гэтая легалізацыя рэпрэсіяў пайшла ў іншыя сфэры. Напрыклад, Міністэрства спорту і турызму прымае новыя правілы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, дзе рэглямэнтуецца нават адзеньне, у якім яны павінны весьці экскурсію. Іх абавязваюць цэнзураваць турыстаў, прадухіляць нейкія іхныя размовы і рэплікі.

Таксама, напрыклад, зьмянілася палажэньне аб атрыманьні пэнсіяў за асаблівыя заслугі. Цяпер іх могуць пазбавіць, калі ты праяўляеш неляяльнасьць да рэжыму. Унесены новыя палажэньні, якія тычацца прыёму на працу.

Гэтыя новыя захады, зыходзячы з ахопу і глыбіні пранікненьня ва ўсе сфэры, цяпер патэнцыйна могуць зачапіць любога чалавека — нават таго, хто ляяльна ставіцца да ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсіі ня спыняцца да выбараў? Вынікі тыдня з Карбалевічам

— Раней улады змагаліся пераважна з адкрытымі апанэнтамі, з асобамі апазыцыйных поглядаў. Але выглядае, што зараз маштабы і глыбіня рэпрэсіяў пашыраюцца на новыя пласты насельніцтва. Усё больш навінаў, калі пад каток рэпрэсіяў трапляюць зусім не палітызаваныя людзі.

— Важная тэндэнцыя 2023 году — адыход ад фармальнай роўнасьці. Дзяржава пачынае прапісваць у заканадаўстве дыскрымінацыйныя палажэньні. Раней дыскрымінацыя была ўскосная — людзі былі фармальна ва ўсім роўныя, але практыка была іншая.

А зараз, напрыклад, уводзіцца абмежаваньне выезду з краіны для пэўных групаў беларускіх грамадзянаў. Абітурыенты цяпер абавязаныя ў характарыстыцы ўказваць сваё стаўленьне да «канстытуцыйнага ладу». Для дыпляматаў, супрацоўнікаў пракуратуры наяўнасьць дазволу на жыхарства ў іншай краіне прапісаная ў якасьці крытэра, які перашкаджае прыёму на працу. Сумнавядомы «пашпартны» ўказ таксама ўтрымлівае дыскрымінацыйныя нормы, калі тыя, хто знаходзіцца за мяжой, пазбаўляюцца магчымасьці карыстацца консульскімі паслугамі.

Атрымліваецца, што часовая сувязь беларускага грамадзяніна з замежнай дзяржавай (наяўнасьць дазволу на жыхарства) зьяўляецца дыскрымінацыйнай прыкметай. Бо гэта ўжо нельга назваць перасьледам у сувязі з палітычнымі меркаваньнямі: палітычныя меркаваньні тут ні пры чым.

У шэрагу выпадкаў ціск ажыцьцяўляецца ўжо і на сваякоў грамадзяніна. Адзначаныя выпадкі, калі ў чалавека зьяўляюцца кар’ерныя праблемы з прычыны наяўнасьці «карты паляка» нават не ў яго самога, а ў ягонага дзіцяці. Альбо калі сваякі робяць апастыль, гэта становіцца падставай для «размовы» зь імі на працы.

То бок улада адыходзіць ад прынцыпу індывідуальнай адказнасьці і ўводзіць адказнасьць калектыўную.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША заявілі пра намеры ўзмацніць санкцыі пасьля масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязьняў у Беларусі

— Што адбываецца з правамі нацыянальных мяншыняў? Здаецца, за мінулы час было шмат інфармацыі наконт гэтага.

— Адбываецца істотнае пагаршэньне ў сфэры правоў нацыянальных мяншыняў. Фактычна забаронена адкрываць школы і садочкі на мове мяншыняў. Цяпер можна адкрываць толькі клясы, і толькі пасьля ўзгадненьня зь Міністэрствам адукацыі (раней дастаткова было ўзгадненьня зь мясцовымі ўладамі).

Таксама ўлады жадаюць вырашыць праблемы з кадрамі, з эміграцыяй людзей за кошт моўных школаў і курсаў польскай мовы. Бо іхныя паслугі нібыта дапамагаюць грамадзянам падрыхтавацца да выезду за мяжу, у Польшчу. Таму гэтыя курсы зачыняюць, іх стваральнікаў запалохваюць — у любым выпадку яны вымушаныя былі зачыняцца, згортваць сваю працу. Тым больш што ад гэтых фірмаў патрабавалі сьпісы навучэнцаў.

Улада бачыць праблему адтоку людзей зь Беларусі — якую сама ж і стварыла сваімі рэпрэсіямі. Красамоўны прыклад — з мэдыкамі. Улады зьмянілі правілы навучаньня, у выніку мэдык на 7–10 гадоў пазбаўляецца права выбраць сабе месца працы. Гэта фактычна варыянт прыгоннай залежнасьці — але па-іншаму змагацца зь міграцыяй улада ня ўмее.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запалохваюць іншых і ўсё больш баяцца самі. Чаму ўлады пашыраюць палітычныя рэпрэсіі

Таксама варта адзначыць, што за другое паўгодзьдзе 2023-га адбылося відавочнае ўзмацненьне сілавога блёку, прычым у некалькіх сфэрах. Гэта кантроль за дыпляматамі, мабілізацыя і парадак прымяненьня зброі.

Адбыліся зьмены і ў рэгуляваньні замежнай выведкі. Зьявілася задача «ўхіленьня пагрозаў нацыянальнай бясьпецы за межамі Беларусі». То бок трэба разумець, што яны рыхтуюцца ажыцьцяўляць нейкія акцыі за межамі Беларусі. І калі раней яны стваралі праблемы грамадзянам толькі на тэрыторыі Беларусі, то «пашпартны ўказ» паказаў, што ўлады імкнуцца ўскладніць жыцьцё тым, хто зьехаў, і за межамі краіны.