Ціханоўская заклікала абмеркаваць і распрацаваць «дарожную мапу» хуткага ўступленьня будучай дэмакратычнай Беларусі ў Раду Эўропы.
«Доўгія гады, — сказала Ціханоўская, — Беларусь была шэрай плямай на мапе Эўропы. Дамарослы дыктатар, які захапіў уладу 30 гадоў таму, прывёў нашу краіну ў ізаляцыю. Беларусаў пазбавілі ўсіх перавагаў сяброўства ў Радзе Эўропы, якія вам падаюцца такімі відавочнымі. І вынік мы бачым — Беларусь адна з самых бедных краінаў Эўропы. Разбураюцца дзяржаўныя і сацыяльныя ўстановы. Людзі жывуць ва ўмовах тэрору. Сувэрэнітэт пад пагрозай. І ўрэшце маю краіну ўцягнулі ў крымінальную вайну супраць суседняй Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ назваў супрацоўніцтва зь беларускімі дэмсіламі ўнікальнай гісторыяй для Рады ЭўропыНа думку беларукай дэмакратычнай лідэркі, менскі рэжым так і ня здолеў здушыць свабодалюбівы дух беларусаў. «Гэты настрой мы маглі бачыць у 2020 годзе, калі мірныя акцыі прайшлі па ўсёй краіне. Гэты дух мы бачылі ў бясстрашных жанчынах, мастачках, журналістках, пэнсіянэрках, якія адстойвалі свае правы. Гэты дух мы бачым у тысячах палітвязьняў, якія нават за кратамі не губляюць надзеі».
Паводле Ціханоўскай, беларусы мірна змагаюцца за ўсе каштоўнасьці, якія шануе Рада Эўропы: вяршэнства права, роўнасьць, падсправаздачнасьць і, вядома ж, свабодныя выбары. І плацяць за гэта высокую цану:
«Толькі на мінулым тыдні рэжым правёў масавыя ператрусы і затрыманьні ў 160 дамах сем’яў палітвязьняў. Былі паўторна арыштаваныя і некаторыя былыя палітвязьні. Адна з арыштаваных — Марына Адамовіч, жонка лідэра беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча. Ён атрымаў 14 гадоў пазбаўленьня волі і ўжо год знаходзіцца пад вартай, як і мой муж. Мае дзеці ня бачылі тату ўжо амаль 4 гады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забіралі тэлефоны, прымушалі даваць падпіскі аб маўчаньні. Як адбываліся масавыя затрыманьні 23 студзеня
«У Беларусі салідарнасьць стала злачынствам. Рэжым затрымлівае простых грамадзянаў толькі за перадачу прадуктаў і вопраткі. Іх арыштоўваюць, бо яны падтрымліваюць тых, хто ўжо за кратамі. І караюць за ахвяраваньні ва Ўкраіну. Падтрымка Ўкраіны сёньня азначае падтрымку дэмакратычнай Беларусі, і наадварот. Лёсы нашых краінаў пераплеценыя. Абодва нашыя народы змагаюцца за эўрапейскія каштоўнасьці — каштоўнасьці Рады Эўропы. І перамога Ўкраіны будзе перамогай і Беларусі, і ўсёй Эўропы таксама. Мы ня ведаем, калі адбудуцца зьмены ў Беларусі, але мы павінны быць да іх гатовымі», — сказала дэмакратычная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўропы выказала занепакоенасьць нападам уладаў Беларусі на людзей, якія ўжо цярпелі ад рэпрэсійНа яе думку, працуючы разам, беларусы і ўкраінцы могуць умацаваць дзейнасьць дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці і зрабіць іх больш устойлівымі і трывалымі.
«Мы толькі што завяршылі наш першы Плян дзеяньняў, які ўключаў у сябе дзейнасьць зь незалежнымі журналістамі, якія працягваюць несьці праўду нашым людзям. Таксама гэта ўключала падтрымку нашых юрыстаў, якія працягваюць абараняць ахвяраў палітычных рэпрэсій і перадаюць свой вопыт нашым дэмакратычным сілам і арганізацыям грамадзянскай супольнасьці. Ён уключаў некалькі праектаў па недыскрымінацыі і гендэрнай роўнасьці».
Сярод названых Сьвятланай Ціханоўскай прапановаў, якія яна назвала амбітнымі, але рэалістычнымі, наступныя:
- Першая — працягнуць навучаньне беларускіх юрыстаў.
- Другая — інвэставаць у беларускія моладзевыя арганізацыі і актывістаў.
- Трэцяя — прыкласьці больш намаганьняў да камунікацыі пра Раду Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з генэральным сакратаром Рады Эўропы і прэзыдэнткай ПАРЭ
Ціханоўская сказала, што разглядае супрацоўніцтва з Радай Эўропы як стратэгічнае, і што яна і яе паплечнікі ня бачаць для Беларусі іншай будучыні, акрамя эўрапейскай. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну стала відавочна, што бясьпека і дэмакратыя ўзаемазьвязаныя.
«І наш шлях — эўрапейскі — пачнецца тут, у Страсбургу. Нашым першым крокам на шляху эўраінтэграцыі будзе ўступленьне ў Раду Эўропы.
Я прапаную абмеркаваць і распрацаваць «дарожную мапу» хуткага ўступленьня будучай дэмакратычнай Беларусі ў Раду Эўропы. Калі прыйдзе час, дэмакратычная Беларусь пастукаецца ў дзьверы Эўропы. Мы хочам пераканацца, што гэтыя дзьверы адчыняюцца хутка.
Мы імкнёмся быць часткай Эўропы, каб забясьпечыць устойлівы і незваротны пераход Беларусі да дэмакратыі. І хоць шлях наперадзе можа быць цяжкім, я ўпэўненая, што мы зможам дасягнуць нашай мэты, калі будзем адзіныя», — сказала дэмакратычная лідэрка Беларусі.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
Што такое Кантактная група?
- Кантактная група, створаная Радай Эўропы сумесна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, правяла першае пасяджэньне 7 лістапада 2022 году ў Страсбургу, у Палацы Эўропы.
- Сябры Кантактнай групы прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Эўропы.
- Кантактная група будзе займацца «распрацоўкай, арганізацыяй і кантролем праграмаў і праектаў на карысьць народу Беларусі».
- Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы ў 1993 годзе, аднак працэс быў прыпынены ў 1996 годзе, калі пры ўладзе ўжо быў Лукашэнка, а ў краіне душылі пратэсты.
- Кантактную групу стварыў генэральны сакратар Рады Эўропы на падставе рашэньня Камітэту міністраў ад 7 верасьня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў пастанавіў прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.
- Мэта Кантактнае групы — забясьпечваць падтрымку і выкарыстоўваць досьвед арганізацыі для ўмацаваньня беларускага дэмакратычнага грамадзтва ў адпаведнасьці з асноўнымі каштоўнасьцямі Рады Эўропы, зь яе дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.