З 29 студзеня па 2 лютага ў Жэнэве праходзіць 132-я сэсія Працоўнай групы ААН па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях, на якой разгледзяць паведамленьне аб зьнікненьні Марыі Калесьнікавай, паведаміла праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill.
У лістападзе 2023 году беларускія праваабаронцы з гэтай арганізацыі дапамаглі Тацяне Хоміч, сястры Марыі, накіраваць паведамленьне аб зьнікненьні Марыі Калесьнікавай у Працоўную групу ААН па гвалтоўных ці недабраахвотных зьнікненьнях з просьбай прыняць тэрміновыя меры, запытаць у Беларусі, дзе Марыя, і дабіцца для бацькі дазволу наведаць яе.
У канцы сьнежня 2023 году шэраг спэцдакладчыкаў і спэцпрацэдураў ААН, уключаючы саму Працоўную групу, а таксама Спэцдакладчыка па катаваньнях, Спэцдакладчыцы па становішчы правоў чалавека ў Беларусі, Спэцдакладчыка па свабодзе выказваньня меркаваньняў, Спэцдакладчыка па праве на здароўе, Спэцдакладчыка па свабодзе мірных сходаў і асацыяцый, накіравалі ўраду Беларусі сумесны ліст з указаньнем меркаваных парушэньняў, на які Беларусь не адрэагавала.
Праваабаронцы паведамляюць, што непасрэдны разгляд справы адбудзецца ў бліжэйшыя дні, а вынікі будуць накіраваныя беларускім уладам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя палітвязьні ўжо 8 месяцаў знаходзяцца ў ПКТ. Былыя вязьні раяць, што можна рабіць іх сваякам- Марыя Калесьнікава — беларуская палітычная дзяячка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. У 2020 годзе яна адмовілася пакідаць Беларусь, адкуль яе хацелі выштурхнуць.
- Ужо амаль год яна ў поўнай ізаляцыі і рэжыме інкамунікада. Апошні раз Марыя тэлефанавала родным у лістападзе 2022 году, а 5 сьнежня 2022 году бацька Марыі апошні раз сустракаўся зь ёю ў мэдычнай частцы папраўчай калёніі. 2 лютага 2023 году да яе апошні раз змог трапіць адвакат. Пасьля атрыманьня ліста, датаванага 12 лютага 2023 году, ні сваякі, ні адвакаты ня могуць зьвязацца з Марыяй ужо 350 дзён.
- Марыя адбывае 11-гадовы тэрмін у жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі.