Міністар абароны Беларусі наведаў Гавану і назваў Кубу «стратэгічным хаўрусьнікам у Заходнім паўшар’і»

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Архіўнае фота

Беларусь і Куба падпісалі шэраг дакумэнтаў аб вайсковай супрацы.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін у часе візыту на Кубу правёў перамовы са сваім кубінскім калегам — міністрам рэвалюцыйных Узброеных сіл Альварам Лёпэсам М'ерам.

«Куба для Рэспублікі Беларусь — гэта важны партнэр на міжнароднай арэне і стратэгічны хаўрусьнік у Заходнім паўшар’і», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле міністра абароны Беларусі, дзьве краіны падобныя ў тым, што адстойваюць «свабоду і незалежнасьць, сацыяльную справядлівасьць і раўнапраўнае супрацоўніцтва зь іншымі краінамі».

«Мы падобныя ў тым, што не палохаемся цяжкасьцяў, не адмаўляемся ад вызначаных мэтаў. Мы ганарымся выбраным шляхам разьвіцьця і нікому яго не навязваем. У той абстаноўцы, якая склалася ў сьвеце і вакол нашых краін, людзі сталі разумець, наколькі важныя такія простыя паняцьці, як стабільнасьць, спакой і мір», — заявіў Віктар Хрэнін.

Паводле яго, абаронныя ведамствы маюць выбудоўваць такія дачыненьні, каб яны адпавядалі запытам людзей і каб тыя адчувалі сябе ў бясьпецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі заявіў, што новая ваенная дактрына дэманструе зацікаўленасьць у аднаўленьні дыялёгу з NATO