Беларусь пагоршыла свае пазыцыі ў міжнародным рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі

Лідэрства ў рэйтынгу Transparency International традыцыйна маюць Данія, Фінляндыя і Новая Зэляндыя

Як вынікае са справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International за 2023 год, індэкс успрыняцьця карупцыі ў Беларусі склаў 37 з 100 магчымых пунктаў.

Беларусь у міжнародным рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі апусьцілася на 98-е месца сярод 180 краін сьвету.

Як вынікае з адпаведнай справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International за 2023 год, індэкс успрыняцьця карупцыі (CPI) ў Беларусі склаў 37 пунктаў.

У 2022 годзе Беларусь знаходзілася на 91-м месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Тунісам і Малдовай. За два апошнія гады карупцыя ў Беларусі павялічылася — Індэкс успрыняцьця карупцыі

Сярод суседзяў найлепшы паказьнік мае Літва, яна заняла 34-е месца, яе індэкс склаў 61 пункт.

Латвія зь індэксам 60 знаходзіцца на 36-м месцы, Польшча зь індэксам 54 — на 47-м месцы, Расея — на 141-м (індэкс 26). Украіна заняла 104-е месца зь індэксам у 36 пунктаў і палепшыла свае паказьнікі ва ўмовах вайны.

Лідэрства ў рэйтынгу традыцыйна маюць Данія, Фінляндыя і Новая Зэляндыя. Апошнія месцы ў рэйтынгу занялі Сырыя, Вэнэсуэла і Самалі.

У арганізацыі Transparency International адзначаюць, што больш за дзьве траціны краін набралі менш за 50 з 100 магчымых пунктаў, і гэта пераканаўча сьведчыць аб наяўнасьці ў іх сур’ёзных праблем з карупцыяй.

У справаздачы адзначаецца сусьветная тэндэнцыя паслабленьня сыстэмы правасудзьдзя, у выніку якой зьмяншаецца адказнасьць дзяржаўных службовых асоб, што дазваляе квітнець карупцыі.

«І аўтарытарныя, і дэмакратычныя лідэры падрываюць справядлівасьць. Гэта павялічвае беспакаранасьць карупцыі і нават заахвочвае яе, ліквідуючы наступствы для злачынцаў. Карупцыйныя дзеяньні, такія як хабарніцтва і злоўжываньне ўладай, таксама пранікаюць у многія суды і іншыя судовыя ўстановы па ўсім сьвеце. Там, дзе карупцыя зьяўляецца нормай, уразьлівыя людзі маюць абмежаваны доступ да правасудзьдзя, у той час як багатыя і магутныя захопліваюць цэлыя сыстэмы правасудзьдзя», — адзначаецца ў дакумэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Transparency International: У Беларусі пачынаецца «вялікая карупцыя»

Індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, ня колькасьць і памеры хабару, які даюць і бяруць у краіне, а менавіта яе ўспрыняцьце. Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца на падставе апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацый.

Калі гаварыць пра доўгатэрміновую дынаміку індэксу для Беларусі, то пэрыяд яго паляпшэньня супаў з пэрыядам паляпшэньня адносін з Захадам, пашырэньня эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяньня зь ім.

З 2012 году найгоршым гэты індэкс быў у 2013 годзе (29), з 2016 году пачаўся яго прыкметны рост: 2016 — 40, 2017 і 2018 — 44, 2019 — 45. 2020 год, магчыма, яшчэ па інэрцыі, быў пікам гэтага працэсу. Два апошнія гады паказьнік ізноў пайшоў уніз.