Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што крамлёўскія чыноўнікі працягваюць ствараць інфармацыйныя ўмовы для дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове, каб не дапусьціць інтэграцыю краіны ў Эўрапейскі зьвяз.
У сваёй справаздачы ад 28 студзеня экспэрты спасылаюцца на заяву дырэктара Другога дэпартамэнту ў справах СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Аляксея Палішчука аб тым, што Малдова пачала «зьнішчаць сваю сувязь» з СНД і плянуе да канца 2024 году выйсьці з гэтай арганізацыі.
Расейскія ўлады пераконваюць, што «такое рашэньне ня пойдзе на карысьць інтарэсаў грамадзян Малдовы і будзе нявыгадным для малдоўскай эканомікі». Апроч таго, Аляксей Палішчук заявіў аб крызісе дачыненьняў між Малдовай і Прыднястроўем і гатоўнасьці Расеі выступіць пасярэдніцай і гарантам урэгуляваньня.
Перад гэтым віцэ-прэм’ер Малдовы Алег Серабран заявіў, што Малдова ня вернецца да перамоўнага працэсу аб Прыднястроўі ў фармаце «5+2» з удзелам Расеі, пакуль не палепшацца расейска-ўкраінскія дачыненьні і працягваецца вайна Расеі ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кішынёве заявілі аб новых плянах Расеі для дэстабілізацыі сытуацыі ў МалдовеЭкспэрты Інстытуту вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу на тое, як праўладныя блогеры асьвятлялі акцыю пратэсту ў Прыднястроўі супраць «эканамічнага ціску Малдовы на рэгіён».
Апроч таго, актыўна распаўсюджвалася інфармацыя аб непасрэдным звароце да расейскіх уладаў кіраўніка галоўнага ўпраўленьня аграпрамысловага комплексу Гагаузіі (рэгіён у складзе Малдовы. — РС) з прапановай скасаваць акцызы і мыты на пастаўкі сельгаспрадукцыі з Гагаузіі, уведзеныя пасьля рашэньня Малдовы выйсьці зь Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД у ліпені 2023 году. Апроч таго, гагаузкі чыноўнік папрасіў Расею накіраваць у гэты рэгіён Малдовы ўгнаеньні ў якасьці гуманітарнай дапамогі.
Раней у справаздачах ISW адзначалася, што Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы для апраўданьня будучай расейскай агрэсіі супраць Малдовы пад выглядам абароны сваіх «суайчыньнікаў за мяжой» і «русского мира».
Паводле экспэртаў Інстытут вывучэньня вайны, Расея «можа паспрабаваць апраўдаць сваю агрэсію або намаганьні па дэстабілізацыі ў Малдове, сьцьвярджаючы, што жыхары Прыднястроўя знаходзяцца ў небясьпецы празь меркаваную адмову Малдовы ад працэсу прыднястроўскага ўрэгуляваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы заклікала парлямэнт арганізаваць рэфэрэндум аб магчымым уступленьні краіны ў Эўразьвяз ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін спрасьціў прыём у расейскае грамадзянства беларусаў, казахстанцаў і малдаванаў