Пра гэта паведаміў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Рустам Любаеў. Паводле яго слоў, якія перадае партал навінаў Delfi, калі дадатковыя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю літоўскія ўлады не закрыюць, то «могуць абмежаваць час працы некаторых зь іх».
Пасьля закрыцьця двух пунктаў пропуску летась, адзначыў Любаеў, «патокі грамадзян Літвы, якія выяжджаюць у Беларусь, скараціліся, але ў той жа час вырасьлі патокі грамадзян Беларусі, якія ўяжджаюць у Літву і выяжджаюць зь яе».
На думку Любаева, гэта выклікана «геапалітычнай сытуацыяй у рэгіёне», а таксама «закрыцьцём КПП на польска-беларускай мяжы».
«Нашы грамадзяне сталі радзей езьдзіць у Беларусь, але ўсё ж яшчэ езьдзіць нямала. Патокі скараціліся, у першую чаргу, з-за пагаршэньня ўмоў перасячэньня мяжы, людзям даводзіцца стаяць у чэргах. Можа, дзейнічаюць і заклікі не наведваць Беларусь праз пэўныя пагрозы для бясьпекі і здароўя. Мы цяпер не фіксуем вялікіх чэргаў і росту патокаў, магчыма, так усё і застанецца», — сказаў кіраўнік САДМ.
Пры гэтым, дадаў ён, неабходны «найлепшы кантроль» замежнікаў, якія ўяжджаюць у Літву, перш за ўсё грамадзян Расеі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пашыраць колькасьць супрацоўнікаў Дзяржаўнай памежнай службы праз пагрозы зь Беларусі- 18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі.
- Літоўскае МУС пазьней прапаноўвала закрыць яшчэ два пункты (Прывалка/Райгорад і Катлоўка/Лаварышкі), але пакуль іх не закрылі.
- 28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі на сустрэчы ў Варшаве ўзгаднілі асноўныя крытэры, пры адпаведнасьці якім будзе вырашана цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю: збройны інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краін, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, а таксама арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.
- 29 жніўня прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам «ня будзе закрываць дадатковыя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю», але згадала пра існаваньне пляну, у якім прапісана, як можна скараціць колькасьць пунктаў пропуску, празь якія можна перасякаць літоўска-беларускую мяжу.
- 1 лістапада Мытная служба Літвы заявіла аб узмацненьні жорсткасьці кантролю на межах зь Беларусьсю і Расеяй для прадухіленьня вывазу санкцыйных тавараў.