У 2023 годзе продаж алькагольных напояў і піва ў Беларусі агулам зьменшыўся на 2,4% у параўнаньні з папярэднім 2022 годам, паведамляе Белстат.
Калі браць статыстыку Белстату па асобных відах алькагольных напояў — нешта сталі купляць менш, а нейкія віды алькаголю, наадварот, сталі больш папулярнымі.
Больш за ўсё летась у Беларусі ўпалі продажы гарэлкі — на 6,9% у параўнаньні з 2022 годам, а таксама вінаградных і пладовых він — на 4,9 і 4,6% адпаведна. Менш сталі купляць і піва — на 1,3%.
У той жа час летась моцна вырасьлі продажы слабаалькагольных напояў — на 13,5% у параўнаньні з 2022 годам. Таксама беларусы сталі больш спажываць лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў (9,9%), каньяку і брэндзі (6,1%). Продажы ігрыстых він, уключаючы шампанскае, вырасьлі на 5,7%.
Агулам беларускія арганізацыі гандлю (бязь мікраарганізацый) за 2023 год прадалі алькагольных напояў і піва на 5,7 млрд беларускіх рублёў, што ў розьнічным таваразвароце арганізацый гандлю склала 8%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 27 гадоў віна сталі рабіць у 4,6 раза больш. Як дзяржава зарабляе на алькаголі ў Беларусі. ВІДЭА- З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць гарэлкі ў Беларусі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. Вытворчасьць піва за 27 гадоў вырасла ўтрая.
- У 1996 годзе Беларусь у «алькагольным рэйтынгу» Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя была на 42-м месцы. Ужо праз 20 год — на другім, а сёлета Беларусь фігуруе на першым месцы. Кожны беларус выпівае за год 14,4 літра алькаголю.