Ці ёсьць у яго шанцы сапсаваць пляны Пуціна прыйсьці да ўлады на пяты тэрмін? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч размаўляе з шэф-рэдактарам ньюзруму The Insider Цімурам Алеўскім.
Барыс Надзеждзін балятуецца на пасаду прэзыдэнта Расеі ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», ён публічна выступае супраць палітыкі Ўладзіміра Пуціна і сабраў ужо 200 тысяч подпісаў за сваё вылучэньне (неабходна 100 тысяч).
Алеўскі: Ціханоўская стала кандыдаткай празь ціск грамадзтва. Зразумела, што ЦВК рэгістраваў яе з дазволу Лукашэнкі, каб дамагчыся прызнаньня легітымнасьці, каб прадухіліць эскаляцыю пратэстаў напярэдадні выбараў, пасьля арышту Сяргея Ціханоўскага. Гэта была ня толькі воля Аляксандра Лукашэнкі, але і ціск беларускага грамадзтва. Барыс Надзеждзін, пры ўсёй сваёй антываеннай пазыцыі, і іншых рэчаў, ён сыстэмны супернік Пуціна.
Журналіст нагадвае, што Надзеждзін ідзе на выбары ад партыі. Да ўдзелу ў выбарах яго дапусьцілі, як мяркуецца, пасьля ўзгадненьня ў Адміністрацыі прэзыдэнта.
Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.
Алеўскі: Ён асабіста вельмі добра знаёмы з намесьнікам галавы Адміністрацыі прэзыдэнта, куратарам унутранай палітыкі Сяргеем Кірыенкам. Ён нават працаваў зь ім да нядаўняга часу, да 2020 году. Ён даваў пэўныя абяцаньні, што ён ня будзе вельмі гучна ўздымаць голас супраць вайны і крытыкаваць Пуціна. Іншая справа, што калі ён апынуўся ў палітычнай плыні і ўбачыў таго выбарніка, які за яго падпісваецца, ён як нармальны палітык апынуўся ў залежнасьці ад людзей, нават калі ён гэтага ня хоча. Жыцьцё яго прымушае рабіць і казаць тое, чаго хочуць людзі. Відавочна, што ён выйшаў за сьцяжкі дазволенага. Прынамсі, як вынікае са зьліваў з Адміністрацыі прэзыдэнта, якія публікуюць расейскія СМІ, ім страшэнна не задаволеныя, таму што ён ня змог утрымаць сябе ў той ролі, якую яму адводзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нашчадак сасланага ў Сібір беларуса, знаёмы зь Лябедзькам і Дабравольскім. Што зьвязвае Надзеждзіна і БеларусьЗбор подпісаў завершыцца 31 студзеня. Аб рэгістрацыі кандыдатаў ЦВК абвесьціць не пазьней за 10 лютага. Цяпер на пасаду прэзыдэнта Расеі прэтэндуюць 11 кандыдатаў, дапушчаных да збору подпісаў у сваю падтрымку або вылучаных парлямэнцкімі партыямі (такім кандыдатам подпісы зьбіраць не трэба).
- Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
- Улады рэгулярна ўмешваюцца ў выбарчы працэс, абцяжарваюць доступ да апазыцыі, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і аб прамых фальсыфікацыях.