Камісія па «разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаньнях зьдзяйсьненьня імі правапарушэньняў» за год працы атрымала больш за 150 заявак, сказаў на яе пасяджэньні 26 студзеня генэральны пракурор Андрэй Швед, інфармуе «Позірк».
«Кіраўніком дзяржавы падтрыманая прапанова аб падаўжэньні працы нашай камісіі яшчэ на адзін год, — сказаў чыноўнік, які ўзначальвае гэтую структуру. — Адпаведны праект указу намі падрыхтаваны і ўнесены прэзыдэнту. Чакаем рашэньня».
Паводле Шведа, праца камісіі працягнецца, паколькі «нават у пляне інфармацыйнага проціборства пэўныя вынікі» яна мае. Ён заявіў, што «мэханізм адпрацаваны», «падыходы вядомыя», і заклікаў калегаў «нацэльвацца на працу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія па вяртаньні за краты. Чаму некаторыя палітэмігранты пачынаюць верыць уладам- Рашэньне стварыць камісію было прынятае 24 студзеня 2023 году па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведны ўказ ён падпісаў 6 лютага.
- На ліпень мінулага году ў камісію зьвярнулася ўсяго 16 чалавек, сьцьвярджала ініцыятыва «Кібэрпартызаны» са спасылкай на атрыманыя дакумэнты.
- На пачатку траўня Швед паведаміў у эфіры беларускага тэлебачаньня аб паступленьні больш за 70 заяваў, але ня стаў называць прозьвішчы тых, хто зьвярнуўся. У канцы таго ж месяца пракуратура адрапартавала пра чарговае пасяджэньне камісіі, на разгляд якой, як сьцьвярджалася, былі вынесеныя звароты больш 20 асоб.
- Прадстаўнікі дэмакратычных сіл неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртаньня з прычыны пагрозы арышту. Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны.