Падчас сустрэчы з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч абмеркавалі працу кантактнай групы, пляны на бліжэйшы час, у тым ліку падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Пэйчынавіч-Бурыч за супрацу з дэмакратычнымі сіламі і прапанавала пачаць падрыхтоўку дарожнай карты па далучэньні Беларусі да Рады Эўропы. Паводле Ціханоўскай, Беларусь павінна быць гатовая далучыцца да Рады Эўропы, як толькі гэта будзе магчыма, але ўжо цяпер можна інтэграваць беларусаў у працу Рады Эўропы і іншых эўрапейскіх інстытуцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прапанавала распрацаваць дарожную карту далучэньня будучай дэмакратычнай Беларусі да Рады ЭўропыАбмеркавалі працу Кантактнай групы дэмакратычных сілаў і Рады Эўропы. Ужо распрацаваны двухгадовы плян працы, які ўключае ў сябе стажыроўкі і абмены для моладзі, трэнінгі для журналістаў і юрыстаў, падрыхтоўку законапраектаў і іншае.
Таксама Ціханоўская расказала пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў супраць беларусаў, арышт Марыны Адамовіч і справу супраць палітолягаў. Пасьля сустрэчы Рада Эўропы выступіла з заявай, у якой асудзіла рэпрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўропы выказала занепакоенасьць нападам уладаў Беларусі на людзей, якія ўжо цярпелі ад рэпрэсійПазьней Ціханоўская правяла сустрэчу з новым прэзыдэнтам ПАРЭ Тэадорасам Русопуласам. Той выказаў падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі. Беларуская палітык падзякавала ПАРЭ за прынятыя рэзалюцыі: сёньняшнюю — па дэмакратычнай будучыні Беларусі, і восеньскую — па сытуацыі зь беларусамі ў выгнаньні. Ціханоўская заклікала прэзыдэнта ўзяць увасабленьне рэзалюцый у жыцьцё пад свой асабісты кантроль.
Падчас сустрэчы дамовіліся працягваць уключаць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у працу ПАРЭ, запрашаць прадстаўнікоў палітычных партыяў на паседжаньні палітычных камітэтаў Асамблеі. Таксама абмеркавалі магчымасьць прызначэньня пастаяннага дакладчыка па Беларусі і стварэньня дэлегацыі па сувязях з дэмакратычнай Беларусьсю.
Прэзыдэнт пагадзіўся стаць «хросным» для аднаго з палітвязьняў і заклікаць іншых дэпутатаў зрабіць тое самае. Таксама Русопулас запрасіў Ціханоўскую наведаць грэцкі парлямэнт, дзе могуць стварыць групу сяброў Беларусі.
Бліжэйшым часам разам з дакладчыкам ПАРЭ Полем Галем ёсьць дамоўленасьць правесьці канфэрэнцыю ў пытаньнях легалізацыі беларусаў і іншых праблемаў беларусаў у выгнаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта прывядзе да зьнікненьня». Рэдактары і мэдыяэкспэрты расказваюць пра сытуацыю, у якой апынуліся незалежныя СМІ