Прадстаўнік Фінляндыі Кіма Кільюнэн выступіў з дакладам пра дэмакратычную будучыню ў Беларусі, настроі ў беларускім грамадзтве, а таксама цяперашняе становішча, у тым ліку палітычна матываваныя справы, іншыя факты перасьледу.
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала даклад Кільюнэна і Камітэту палітычных адносінаў і дэмакратыі «бліскучым». Яна выказала спадзяваньне, што кожны эўрапейскі палітык прачытае яго і ўключыцца ў справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радзе Эўропы прапануюць актывізаваць супрацу зь беларускай грамадзянскай супольнасьцюАсобна Ціханоўская спынілася на Міхасю Жызьнеўскім, чарговая гадавіна гібелі якога на Майдане ў Кіеве адзначалася 22 студзеня.
«Тыраны могуць саджаць людзей у турмы, разбураць гарады і шантажаваць нас ядзернай зброяй. Але яны ніколі, паўтараю, ніколі ня здушаць свабодалюбівы дух беларускага і ўкраінскага народаў. Адным з такіх свабодалюбных беларусаў быў Міхась Жызьнеўскі. Роўна дзесяць гадоў таму ён прыехаў падтрымаць украінцаў на Эўрамайдан. Яго расстралялі снайпэры. Адным зь першых загінуў за свабоду Ўкраіны. Як і Міхась, дзясяткі беларусаў загінулі, змагаючыся за Ўкраіну і за вольную Беларусь. Мы, беларусы, разумеем, што, змагаючыся за Ўкраіну, мы змагаемся і за Беларусь».
Таксама беларуская палітык узгадала рэпрэсіі апошніх дзён, адзначыўшы, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні на дзень, перасьледуючы іншадумства ў краіне.
«Я прапаную Радзе Эўропы пачаць распрацоўку дарожнай карты далучэньня будучай дэмакратычнай Беларусі да Рады. Мы можам намеціць неабходныя крокі і рэформы і пачаць працу над імі зараз. Вы валодаеце неацэнным досьведам, а мы маем бясцэннае жаданьне стаць часткай Рады Эўропы. Уступленьне туды будзе нашым першым крокам на шляху ў Эўразьвяз.
Я ведаю, што гэта сьмела. Я ведаю, што гэта амбітна. Але я ня ведаю прычын, чаму б не пачаць рабіць гэта зараз. Калі зьявіцца акно магчымасьцяў — а яно будзе — мы павінны быць гатовыя вырваць Беларусь з расейскіх кіпцюроў, каб аднавіць нашу краіну, аднавіць дэмакратычныя інстытуты», — заявіла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная сакратарка ПАРЭ: Народ Беларусі — гэта не рэжым