Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня нечакана звольніў з пасады міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, які займаў гэтую пасаду больш за тры гады. Новым міністрам стаў 43-гадовы Аляксандар Хаджаеў. Што пра яго вядома?
Псыхіятар па адукацыі
Паводле зьвестак BelPol, Хаджаеў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Лепелі. Ягоны бацька Валеры Хаджаеў працаваў там галоўным доктарам мясцовай раённай лякарні.
Па спэцыяльнасьці Хаджаеў-малодшы — псыхіятар. Кандыдацкую дысэртацыю ў 2014 годзе пісаў на тэму псыхапаталягічных праяваў цяжарных жанчын. Кар’еру пачынаў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ў Бараўлянах. Потым працаваў у 6-й лякарні ў Менску.
У выніку Хаджаеў трапіў на працу ў Міністэрства аховы здароўя. Там ён займаў пасаду галоўнага спэцыяліста ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай дапамогі. Таксама зьяўляўся галоўным пазаштатным псыхіятрам міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаргу на пратэзаваньне кантралюе КДБ». Артапэд-траўматоляг — пра вынікі «справы артапэдаў» для пацыентаў, дактароў і мэдычнага бізнэсуЗвальняў людзей за палітыку
У траўні 2021 году Аляксандра Хаджаева прызначылі галоўным доктарам РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках. Ён замяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Старцава. Тэлеграм-канал «Белыя халаты» пісаў, што «Старцаў не праявіў абсалютнай ляяльнасьці да ўлады: ён не звальняў тых, хто праходзіў паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу».
Пры Хаджаеву сытуацыя ў Навінках кардынальна зьмянілася. Тыя самыя «Белыя халаты» пісалі, што пры новым галоўным доктару РНПЦ стаў адным з рэкардсмэнаў у рэпрэсіях. «Усяго рэпрэсіі спасьціглі больш як 50 супрацоўнікаў цэнтру. Большасьць рэпрэсаваных — лекары, але ёсьць і мэдсёстры», — пісалі «Белыя халаты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паскардзілася Сусьветнай арганізацыі здароўя на спыненьне паставак важных лекаў і абвінаваціла ў гэтым краіны ЗахадуБацька пераехаў у Расею пасьля працы ў міністэрстве
Бацька новага міністра Валеры Асімавіч Хаджаеў пасьля працы ў Лепелі перабраўся ў Віцебск, дзе ўзначальваў упраўленьне аховы здароўя аблвыканкаму. Пасьля гэтага ў 2010 годзе яго прызначылі першым намесьнікам міністра аховы здароўя. Міністэрства ў той час узначальваў Васіль Жарко. Ёсьць у пераліку месцаў працы Валерыя Хаджаева і Адміністрацыя прэзыдэнта.
Праўда, потым ён чамусьці апынуўся ў Расеі, дзе да 2020 году ўзначальваў Себескую раённую лякарню ў Пскоўскай вобласьці. Цяпер Валеры Хаджаеў кіруе прадпрыемствам «Пскоў Фарма».
У 2022 годзе «Пскоў Фарму» выключылі са сьпісу рэзыдэнтаў асаблівай эканамічнай зоны «Могліна» за невыкананьне ўзятых на сябе абавязаньняў. Прадпрыемства спэцыялізуецца на выпуску супрацьпухлінных прэпаратаў. Паводле зьвестак з адкрытых крыніц, Валерыю Хаджаеву належаць 30% акцый «Пскоў Фармы».
Жонка новага міністра Ала Хаджаева таксама родам зь Лепеля, ёй 42 гады. Вучылася на юрыста ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава. Апошнім месцам працы значылася кампанія «ЭкспартМэгаТранс», якая спэцыялізуецца на грузавых перавозках. Раней яна займалася юрыдычнымі кансультацыямі.
У новага міністра трое дзяцей. Старэйшай дачцэ Арыне сёлета споўніцца 18. Сям’я жыве ў аграгарадку Лясным пад Менскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў новым міністрам аховы здароўя экс-кіраўніка «Навінак» і даручыў яму «разабрацца з клянавасьцю»