У Берасьці на прыбіраньне сьнегу вывелі людзей, якія адбываюць пакараньне на «хатняй хіміі». На мясцовым дзяржаўным тэлеканале «Буг-ТБ» заявілі, што асуджаныя самі «праявілі ініцыятыву», заўважыў Reform.by.
Асуджаныя дапамагалі прыбраць сьнег на тэрыторыі берасьцейскай школы № 27. Прыцягненьне іх да працы прапагандысты растлумачылі тым, што «зіма сёлета выдалася сьнежная, а рабочых рук часта не хапае». Дырэктарка школы адзначыла, што тэрыторыю школ прыбіраюць іхныя работнікі, а асуджаных, якія прыбіралі сьнег, назвала «памочнікамі».
Начальнік аддзелу нагляднай выканаўчай дзейнасьці УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Васіль Міхаевіч падкрэсьліў, што прыбіраць сьнег адправілі толькі тых, хто не працуе. Прапагандысты адзначылі, што берасьцейская міліцыя плянуе пашыраць такую практыку.
Некалькі дзён таму падобную «акцыю» правялі ў Менску. На дзяржаўнай тэлевізіі расказалі, што былыя зьняволеныя і «асобы, якія адбываюць пакараньне без ізаляцыі ад грамадзтва», чысьцілі ад сьнегу тэрыторыі сацыяльных аб’ектаў.
Так званая «хатняя хімія» — пакараньне абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, толькі ў 2023 годзе «хатняй хіміяй» паводле палітычных крымінальных спраў пакаралі сама меней 389 чалавек. Агулам на ўсіх ім прысудзілі 854 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2023 год у Беларусі ў палітычна матываваных крымінальных справах асудзілі сама меней 1603 чалавекіШто такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах