«Відавочна, што расейцы гуляюць з жыцьцямі ўкраінскіх палонных, з пачуцьцямі родных і з эмоцыямі нашага грамадзтва», — заявіў, у прыватнасьці, Зяленскі, ні слова не сказаўшы аб магчымых прычынах падзеньня самалёта, як і аб тым, ці былі на яго борце палонныя ўкраінскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да абмену. Пры гэтым Зяленскі згадаў, што заслухаў даклады аб тым, што адбылося ад прадстаўнікоў Мінабароны, УСУ, СБУ і ваеннай выведкі.
Адначасова з гэтым прэзыдэнт Украіны заявіў, што будзе настойваць на міжнародным расьсьледаваньні катастрофы.
«Неабходна ўстанавіць дакладныя факты. Настолькі, наколькі гэта магчыма, улічваючы, што падзеньне самалёта адбылося на расейскай тэрыторыі — па-за нашым кантролем», — падсумаваў Зяленскі.
За некалькі гадзін да гэтага стала вядома, што Зяленскі адмяніў паездку ў цэнтральныя рэгіёны Ўкраіны і забараніў прызначаць сустрэчы для віншаваньня са сваім днём нараджэньня — 25 студзеня прэзыдэнту Ўкраіны спаўняецца 46 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катастрофа Іл-76 пад Белгарадам: што сьцьвярджаюць Расея, Украіна і на якія пытаньні пакуль няма адказаў- Раніцай 24 студзеня ў Белгарадзкай вобласьці разьбіўся расейскі вайскова-транспартны самалёт Іл-76. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што на борце знаходзіліся 65 украінскіх ваеннапалонных, якіх перавозілі ў Белгарад для абмену, а таксама шэсьць чалавек экіпажу і трое суправаджальнікаў. Усе яны, паводле ведамства, загінулі. Расейскія ўлады назвалі крушэньне Іл-76 тэрактам, абвінаваціўшы ў ім Узброеныя сілы Ўкраіны.
- Украінскія ўлады пакуль фактычна не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць ніводнай з вэрсій катастрофы. У ГУР Украіны пры гэтым пацьвердзілі, што 24 студзеня павінен быў адбыцца абмен палоннымі, заявіўшы таксама, што «ўкраінскі бок не быў пастаўлены ў вядомасьць аб неабходнасьці забесьпячэньня бясьпекі паветранай прасторы ў раёне горада Белгарад у пэўны пэрыяд часу, як неаднаразова рабілася ў мінулым». З раніцы шэраг буйных украінскіх выданьняў паведамілі, што самалёт быў зьбіты УСУ, аднак пазьней усе паведамленьні пра гэта былі выдаленыя.