Абноўленая ваенная дактрына Беларусі вызначае ў якасьці «недружалюбных» афіцыйнаму Менску наступныя краіны і арганізацыі:
- Польшчу,
- Вялікую Брытанію,
- ЗША,
- Украіну,
- краіны Балтыі і NATO.
Пра гэта заявіў у інтэрвію БЕЛТА намесьнік начальніка факультэту Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі Беларусі палкоўнік Андрэй Багадзель.
Ён таксама агучыў, хто, паводле абноўленай ваеннай дактрыны, лічыцца саюзьнікамі афіцыйнага Менску: гэта Расея, краіны-сябры Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы і Садружнасьці незалежных дзяржаў.
Дзяржавы і арганізацыі, зь якімі Беларусь «гатовая разьвіваць адносіны», паводле Багадзеля, — краіны «глябальнага Поўдня» і Арганізацыі па супрацоўніцтве і бясьпецы ў Эўропе (АБСЭ). Варта адзначыць, што ўсе краіны, якія, паводле Багадзеля, абвешчаныя ў новай ваеннай дактрыне «недружалюбнымі», — таксама чальцы АБСЭ, як і Беларусь.
Раней начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі Арцём Буторын заявіў, што паводле новай ваеннай дактрыны Беларусь будзе разглядаць напад на сваіх хаўрусьнікаў як напад на сваю тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі заявіў, што новая ваенная дактрына дэманструе зацікаўленасьць у аднаўленьні дыялёгу з NATO- Абноўленую ваенную дактрыну разгледзелі 16 студзеня ў рамках абмеркаваньня Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі на паседжаньні Савету бясьпекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
- Распрацоўваць праект новай дактрыны вырашылі пасьля ўхвалы новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ў лютым 2023 году.
- У дакумэнце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што «Беларусь — міралюбная краіна, нікому не пагражае, але спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымяненьня ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаньнем усяго патэнцыялу дзяржавы».
- Праект дактрыны будзе вынесены на зацьвярджэньне «Ўсебеларускага народнага сходу», які яшчэ не сфармаваны.