Марыя Бялевіч памерла ў сьнежні 2023-га, але пра гэта стала вядома толькі цяпер, піша «Наша ніва» са спасылкай на допіс аднаго са знаёмых жанчыны ў фэйсбуку.
«Яе муж Леў Бялевіч памёр у 2016-м. На яго помніку напісаны словы „Хай сьняцца сны аб Беларусі“. У сьнежні 2023-га ва ўзросьце 95 год побач з мужам пахавалі і Марыю Бялевіч. Адзін з букетаў на яе пахаваньні быў бел-чырвона-белы. Ад Беларусі».
Марыя Бялевіч (Бабіч) нарадзілася ў 1928 годзе ў Бабічах Дзісенскага павету, Заходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад Польшчы паводле Рыскай дамовы палякаў з бальшавікамі 1921 году. У 1946 годзе падчас навучаньня ў Глыбоцкай пэдагагічнай вучэльні Бялевіч далучылася да нязбройнай арганізацыі «За Беларусь», якая пазьней улілася ў Саюз беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасьці Беларусі, супраціўляцца русыфікацыі навучальнага працэсу.
25 сакавіка 1946 г. разам зь іншымі сябрамі СБП прымала прысягу на вернасьць беларускаму народу. У верасьні 1947 году Марыю арыштавалі з братам Іванам. Яе судзілі разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам, сваякоў пакаралі за неданясеньне. Усіх асудзілі на 10 гадоў канцлягераў. Пакараньне Марыя Бялевіч адбывала ў Комі АССР, Кіраўскай вобласьці, у Азерлагу пад Тайшэтам, працавала на будаўніцтве чыгункі Тайшэт-Брацк, потым у Мардоўскай АССР.
У 1955 г. разам з братам яе накіравалі ў Маладэчна на перагляд судовай справы, дзе ёй скарацілі тэрмін да 8 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як студэнты ўплывалі на лёс БеларусіМарыю вызвалілі ў лютым 1956 г., пасьля чаго яна вярнулася на радзіму. Пабралася шлюбам зь сябрам глыбоцкай групы СБП Львом Бялевічам, у іх нарадзілася дачка. Пасьля вяртаньня ў Беларусь грамадзкія дзеячы знаходзіліся пад цікам мясцовых уладаў, таму разам з братам і мужам Марыя Бялевіч выехала на заробкі ў Інту (Комі АССР).
У 2019 годзе Рада БНР узнагародзіла Марыю Бялевіч мэдалём у гонар 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Разам зь ёй узнагароду атрымалі Надзея Дземідовіч, Яўген Усюкевіч, Антон Фурс і Леакадзія Шышэя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 95-м годзе жыцьця памёр вэтэран беларускага супраціву Антон Фурс, які правёў 9 гадоў у ГУЛАГу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла ўдзельніца беларускага антысавецкага супраціву Леакадзія Шышэя