Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што завяла крымінальную справу на аўтара «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца — яму інкрымінуюць парушэньне заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, недапушчэньні рэабілітацыі нацызму і адмаўленьні генацыду беларускага народу.
«Падазраваны ў сваіх публічных выказваньнях, якія публікуюцца ў аўтарскім блогу, распаўсюдзіў загадзя лжывыя і адкрыта дэструктыўныя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, чым дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, органы дзяржаўнай улады; распальваў сацыяльную варожасьць і зваду па прыкмеце прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы; абгаварыў кіраўніка дзяржавы; удзельнічаў у экстрэмісцкім фармаваньні, а роўна фармаваньні, дзейнасьць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму; адмаўляў факт генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд; зьдзейсьніў наўмысныя дзеяньні ў рэабілітацыі нацызму», — гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры Беларусі.
Дубаўцу ставяць у віну арт. 369-1, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 арт. 130-2, ч. 1 арт. 130- 1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Максымальнае пакараньне паводле артыкулу 130-2 КК складае 10 год зьняволеньня.
Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня Генэральная пракуратура накіравала крымінальныя справы ў Сьледчы камітэт.
Адказ Дубаўца пракуратуры Беларусі
«У 1995 годзе пасьля пагрому парлямэнту Васіль Быкаў назваў рэжым Лукашэнкі хунтай, а мой сябра, дэпутат Вярхоўнага Савету і рэдактар газэты „Свабода“ Ігар Гермянчук — бандай. Нічога не зьмянілася за гэтыя 30 гадоў. Важна мець на ўвазе свае ўласныя думкі і дзеяньні.
Усе мае развагі ў публічнай прасторы строга падпарадкаваныя аб’ектыўным фактам, Канстытуцыі Беларусі і кодэксу журналіста Радыё Свабода. Адзіная рэакцыя, якой яны заслугоўваюць — дыскусія.
Але дыскусіі хунта-банда весьці ня ўмее. На кожнае іншадумства адзін адказ — крымінальная справа і турма. Успрымаю гэта з пэўнай удзячнасьцю, як яшчэ адно прызнаньне праваты адэкватных беларусаў, якіх мама вучыла правільным рэчам. Цяпер я цалкам пазбаўлены згрызотаў сумленьня адносна таго, што мусіў выехаць зь Беларусі. Што да цяжкасьці майго „злачынства“, дык яно прыблізна такое, як магніцік на лядоўні, прызнаны пікетам і забароненым масавым мерапрыемствам. У фармулёўках пракуратуры асабліва зацікавіла фраза пра „отрицал факт геноцида белорусского народа в ... послевоенный период“. Гэтага я не адмаўляў дакладна, але задумацца ёсьць пра што».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Афіцыянты» дзяржаўнага абвінавачаньня. У што за тры гады ператварылася беларуская пракуратураХто такі Сяргей Дубавец
- Беларускі журналіст, выдавец і літаратурны крытык Сяргей Дубавец нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры.
- З пачатку 1980-х браў удзел у нацыянальным адраджэньні, у нефармальнай моладзевай арганізацыі «Майстроўня».
- У 1991 аднавіў «Нашу ніву» і быў першым яе рэдактарам.
- Ад 1997 году супрацоўнічае з Радыё Свабода, вёў культавую перадачу «Вострая брама». Цяпер вядзе аўтарскую рубрыку «Запытайся ў Дубаўца» на сайце і ў тэлеграм-канале Радыё Свабода.
- Аўтар больш як 10 кніг, некалькі зь якіх выдадзеныя ў Бібліятэцы Свабоды. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра агентаў рэжыму ў асяродках эмігрантаў, першы суд над нябожчыкам у Беларусі і будучыню дзяржаўнай сымболікі