Італьянская фэдэрацыя гульні ў футбол (FIGC) пацьвердзіла, што Луіджы Рыва памёр у панядзелак ад сардэчнага прыступу.
Рыва з усіх гульнявых якасьцяў праславіўся магутнасьцю свайго ўдару. У 42 матчах за «Скуадру Адзуру», як называюць зборную Італіі, ён забіў 35 галоў, больш за ўсіх.
Рыву даставілі ў кардыялягічнае аддзяленьне лякарні Броцу пасьля таго, як ён упаў дома, а ў панядзелак вечарам шпіталь у Кальяры апублікаваў заяву, што ягоны стан палепшыўся. Але неўзабаве ён памёр.
«У яго была сур’ёзная ішэмічная хвароба сэрца», — заявілі лекары, якіх цытуе самая аўтарытэтная італьянская спартовая Gazzetta dello Sport.
Рыва правёў амаль усю сваю кар’еру ў сьціплым незаможным клюбе «Кальяры». Ува многім дзякуючы таленту Рывы клюб з востраву Сардынія ў 1970 здабыў свой першы і адзіны тытул чэмпіёну Італіі. Рыва застаецца рэкардсмэнам клюбу, ён тройчы быў найлепшым стральцом італьянскай Сэрыі А, агулам на ягоным рахунку 205 галоў у 374 паядынках за клюб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне памёр былы футбаліст і трэнэр нацыянальнай зборнай Франц БэкенбаўэрУ зборнай Рыва выгуляў чэмпіянат Эўропы ў 1968 году, прычым нападнік правёў гол у фінале ў браму зборнай Югаславіі. Праз два гады са зборнай ён стаў віцэ-чэмпіёнам сьвету, тады італьянцаў спыніла толькі Бразылія.
У 1990–2013 гадах Рыва быў у кіраўніцтве зборнай Італіі і адыграў сваю ролю ў перамозе на чэмпіянаце сьвету ў 2006 годзе.
У знак пашаны перад заслугамі Рывы, які ў свой час адмовіўся ад шэрагу выгадных прапаноў больш пасьпяховых і заможных клюбаў Італіі, «Кальяры» назаўжды захаваў за ім №11.
Гэта ўжо трэцяя сьмерць легендарнага футбаліста на пачатку 2024 году. Раней з жыцьця пайшлі бразылец Марыё Загала і немец Франц Бэкенбаўэр, якія станавіліся чэмпіёнамі сьвету як гульцы і як трэнэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр чэмпіён сьвету-1966 у футболе Робэрт «Бобі» Чарлтан