У Афганістане ўпаў расейскі самалёт, які выконваў гуманітарны рэйс, чатыры чалавекі выжылі

Афганістан, ілюстрацыйнае фота

Самалёт накіроўваўся ў Маскву, але ўпаў у горным раёне паўночна-ўсходняга Афганістану.

На борце самалёта знаходзіліся шэсьць чалавек, чацьвёра зь іх былі знойдзеныя жывымі з рознымі траўмамі, калі ратавальнікі дабраліся да аддаленага месца крушэньня, гаворыцца ў паведамленьні «Расавіяцыі». У ім гаварылася, што лёс яшчэ двух чалавек «высьвятляецца».

Чартарны самалёт з расейскай рэгістрацыяй зьнік з радараў 20 студзеня. Рэйс стартаваў у Тайляндзе і рабіў прыпынкі ў Індыі і Ўзбэкістане, перш чым разьбіцца ў афганскіх гарах.

Чацьвёра выжылых, у тым ліку пілёт, знойдзены ратавальнікамі, якія дабраліся да аддаленага месца крушэньня, паведаміў урад Афганістану пад кіраўніцтвам талібаў. Па словах уладаў правінцыі, загінулі два чалавекі.

Рэйс быў прыватнай мэдыцынскай эвакуацыяй з тайскай Патаі, папулярнага турыстычнага напрамку расейцаў, паведамляе ТАСС са спасылкай на амбасаду Расеі ў Бангкоку.

«На борце знаходзіўся ляжачы хворы ў цяжкім стане, грамадзянін Расеі», — паведамілі «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў тайскім міжнародным аэрапорце Утапаа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвеце спыняюць эксплюатацыю адной з мадэляў Boeing. У самалёта ў паветры адарваліся аварыйныя дзьверы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У такійскім аэрапорце пасьля сутыкненьня ў небе зь іншым самалётам загарэўся пасажырскі лайнэр