У нядзелю, 21 студзеня ў Вільні адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў чатырох краін — Літвы, Польшчы, Беларусі і Ўкраіны — для ўшанаваньня памяці герояў паўстаньня 1863 — 1864 гадоў.
Паводле паведамленьня прэсавай службы Сьвятланы Ціханоўскай, у Вільні пройдзе шэраг мэмарыяльных мерапрыемстваў у памяць паўстаньня, якім на землях сучасных Беларусі і Літвы кіраваў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.
У 12.30 — 13.30 адбудзецца сьвятая імша ў Катэдральным саборы.
У 14.00 — 14.45 пройдзе памятная цырымонія на могілках Росы.
На Росах заплянаваныя выступы прэзыдэнтаў Літвы і Польшчы, пасла Ўкраіны і лідэра дэмакратычнай Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.
- Паўстаньне 1863 — 1864 гадоў пачалося 22 студзеня 1863 году ў Варшаве. На тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы яно пачалося 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага Ўраду Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.
- Ва ўсіх беларускіх губэрнях у сакавіку — красавіку былі створаныя паўстанцкія атрады, якія складаліся пераважна з дробнай шляхты, мяшчан і сялян.
- За наступныя паўгода на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылося 46 бітваў і баёў. Самай вялікай бітвай лічыцца бітва пад Мілавідамі ў цяперашнім Баранавіцкім раёне Беларусі, якая адбылася 3 чэрвеня. Аб’яднаныя сілы пяці паўстанцкіх атрадаў разграмілі царскія войскі.
- Увосень 1863 году паўстаньне было крывава задушанае.
- Кастусь Каліноўскі, які выдаваў беларускамоўную газэту «Мужыцкая праўда» і, як кіраўнік ураду, публікаваў дзяржаўныя загады па-беларуску, быў арыштаваны 29 студзеня 1864 году і 22 сакавіка павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні.
ПОЎНАЯ ВЭРСІЯ КНІГІ «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» ў фармаце PDF
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА