«Купалаўцы» анансавалі новы экспэрымэнтальны спэктакль. Прэм’ера на Youtube — сёньня, 20 студзеня

Архіўнае фота. Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» падчас прэм’еры спэктаклю «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» ў Кракаве. 5 сьнежня 2021 году

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» 20 студзеня а 20-ай гадзіне па менскім часе пакажа на сваім YouTube-канале прэм’еру спэктакля «Камэдыя Юдзіфі».

Пра гэта «Купалаўцы» паведамілі ў сваім Інстаграме.

Ролі ў ім выконваюць вядомыя беларускія акторы — Зоя Белахвосьцік, Аляксандар Гарцуеў, Аляксандар Казела, Валянціна Гарцуева.

Аўтар п’есы — Сяргей Кавалёў, рэжысэр — Павел Пасіні, сцэнаграфія — Аляксандра Канарская, пераклад — Натальля Русецкая, Малгажата Бухалік, Васіль Сёмуха.

Паводле выканаўцы галоўнай ролі Зоі Белахвосьцік, спэктакль — «пра ўсе войны сьвету, былыя, сёньняшнія і будучыя».

«Жах перад ворагамі— выклік для Юдзіфі, яе веры, чысьціні, годнасьці і вернасьці свайму народу! Яна выбірае подзьвіг. Але гэтая жанчына— не ікона, яна адна з нас», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У ім адзначаецца, што спэктакль «экспэрымэнтальны». «Час не стаіць на месцы — і яны таксама глядзяць наперад і спрабуюць новыя формы», — тлумачаць акторы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя Купалаўскага скончылася на 100-годзьдзі». Размова з Валянцінай Гарцуевай

У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.

Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы». З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэм’ерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня 2022 году «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўнае, каб мы не захрасьлі ў тым жніўні». Вялікая размова з народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосьцік