Японскае агенцтва аэракасьмічных дасьледаваньняў не адразу пацьвердзіла, што пасадка прайшла пасьпяхова. Пасьля атрыманьня дадзеных з касьмічнага апарата супрацоўнікі агенцтва пачалі «праверку стану» пасадачнага модуля. Трансьляцыя агенцтва таксама была перапыненая.
Пасьля на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік агенцтва паведаміў, што SLIM зрабіў пасадку на Месяц і падтрымлівае сувязь зь Зямлёй, але не выпрацоўвае электраэнэргію з дапамогай сваіх сонечных батарэй. У арганізацыі мяркуюць, што пасадка прайшла пасьпяхова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя апярэдзіла Расею і стала першай краінай, якая пасадзіла касьмічны карабель каля паўднёвага полюса МесяцаАдной з мэт гэтай місіі была пасадка апарата на адлегласьці менш за 100 мэтраў ад загадзя вызначанага пункту на паверхні Месяца. Большасьць касьмічных караблёў садзяцца за некалькі кілямэтраў ад прызначанага пункту. Прадстаўнікі агенцтва заявілі, што ім яшчэ трэба будзе высьветліць, ці зрабіў SLIM пасадку ў заплянаваным пункце.
У ходзе далейшай місіі модуль павінен вывучыць грунт у месцы пасадкі — атрыманыя дадзеныя дапамогуць навукоўцам больш даведацца аб паходжаньні Месяца.
SLIM быў запушчаны 6 верасьня 2023 году з касмадрому Танэгасіма ў паўднёва-заходняй японскай прэфэктуры Кагасіма. Запуск адбыўся праз два тыдні пасьля таго, як Індыя стала чацьвёртай краінай, якая пасьпяхова пасадзіла касьмічны апарат на Месяц.
Раней гэта зрабілі ЗША, СССР і Кітай.