У Беларусі заснаваны знак якасьці, створаны на ўзор савецкага

Савецкі знак якасьці.

У Беларусі заснаваны Дзяржаўны знак якасьці. Адпаведны ўказ сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА. Вонкавы выгляд знаку падобны да таго, які існаваў у СССР.

Знак уяўляе сабой пяцікутнік чырвонага колеру, у цэнтры якога разьмешчана стылізаваная выява перавернутай літары «К» і слова «Беларусь». Адрозьненьні ад савецкага — чырвоны колер і надпіс «Беларусь» замест «СССР».

Знак якасьці, які апублікавала прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі.

Адзначаецца, што пяць кутоў знаку «сымбалізуюць якасьць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэньнем пяці паказчыкаў вытворчасьці: бясьпекі, экалягічнасьці, інавацыйнасьці, тэхналягічнасьці і эстэтычнасьці».

Падабенства з савецкім знакам якасьці Лукашэнка нядаўна патлумачыў наступным чынам: «Мне здаецца, у тым савецкім знаку прычапіцца няма да чаго. Там усё мінімальна. Штучна ня трэба адыходзіць ад добрага, я лічу. Празьмернасьцяў не павінна быць. Ані каляровая гама, ні малюнкі не павінны перагружаць самы знак».

Паведамляецца, што першыя ўладальнікі Знаку якасьці зьявяцца ў Беларусі напрыканцы гэтага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год якасьці» як машына часу