Як атакі хусітаў на судны ў Чырвоным моры ўплываюць на эўрапейскую эканоміку

Амэрыканскі эсьмінец USS Carney адбіваецца ад хусіцкіх ракет і бесьпілётных лятальных апаратаў у Чырвоным моры

Эканамічны аналіз агенцтва Reuters.

Тыдні атак баевікоў-хусітаў, якія падтрымліваюцца Іранам, на судны ў Чырвоным моры парушылі суднаходзтва ў Суэцкім канале, самым хуткім марскім маршруце паміж Азіяй і Эўропай, якім праходзіць 12% сусьветнага кантэйнэрнага трафіку.

Для эўрапейскай эканомікі, якая пераадольвае ўмераную рэцэсію, спрабуючы пазбавіцца ад высокай інфляцыі, працяглы спад стане новай рызыкай і можа сарваць пляны цэнтральных банкаў пачаць сёлета зьніжэньне працэнтных ставак.

Паводле агенцтва Reuters, гэтыя фактары бяруць пад увагу палітыкі, ацэньваючы сытуацыю і яе наступствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі вайсковы флёт выратаваў танкер у Адэнскім заліве, на які напалі піраты

Як гэта ўзьдзейнічае на эўрапейскую эканоміку цяпер?

З макраэканамічнага пункту гледжаньня — нязначна. Міністэрства эканомікі ФРГ, якое падкрэсьліла, што сочыць за сытуацыяй, нядаўна заявіла, што дагэтуль адзіным прыкметным уплывам на аб’ём вытворчасьці былі некалькі выпадкаў павелічэньня тэрмінаў паставак.

Кіраўнік Банку Англіі Эндру Бэйлі пагадзіўся з гэтым, заявіўшы на парлямэнцкіх слуханьнях, што гэта «насамрэч ня мела таго эфэкту, якога я баяўся», хоць і прызнаў, што нявызначанасьць застаецца рэальнай.

Напады пакуль аніяк не адбіліся на асноўных эканамічных паказчыках Эўропы, у тым ліку на сьнежаньскіх паказчыках інфляцыі — яны крыху вырасьлі па ўсім рэгіёне з прычыны спалучэньня чаканых у цэлым статыстычных эфэктаў, некаторых разавых эфэктаў і некаторага ціску на цэны паслуг.

Але сытуацыя можа зьмяніцца па выніках актыўнасьці ў эўрапейскіх эканоміках за студзень, а таксама інфляцыі эўразоны за той жа месяц.

Асноўная прычына малога ўплыву, верагодна, палягае ў тым, што глябальная эканоміка ў цэлым па-ранейшаму працуе ніжэй за свае магчымасьці, а гэта азначае, што ў сыстэме ёсьць яшчэ багата рэзэрваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Вялікая Брытанія нанесьлі ракетныя ўдары па Емэне. Расея склікае Раду Бясьпекі ААН

Як гэта паўплывала на нафтавы рынак?

Найбольш відавочны канал, празь які праблемы Блізкага Ўсходу могуць ударыць па эканоміцы ў Эўропе і за яе межамі, — гэта цэны на нафту.

Нафтавыя цэны яшчэ не ўзьляцелі, таму што, як паведаміў Reuters на гэтым тыдні выканаўчы дырэктар Міжнароднага энэргетычнага агенцтва Фатых Біроль, пастаўкі застаюцца стабільнымі, а рост попыту запавольваецца.

«Я не чакаю сурʼёзных зьмен у цэнах на нафту, бо на рынак паступае дастатковая колькасьць нафты», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія емэнскія хусіты і чаму іх атакуюць?

Што кажа вялікі бізнэс?

Нямецкі лягістычны гігант DHL заявіў, што ўсё яшчэ мае вольныя магутнасьці для авіяперавозак.

Вялаваты стан эканомікі таксама замінае кампаніям перакладаць на спажыўцоў любое павелічэньне затрат, зь якім яны сутыкаюцца, напрыклад, калі мусяць зьмяніць маршрут перавозак у абыход Афрыкі. Многія з іх аднавілі прыбытак за апошні год і прызнаюць, што, магчыма, ім проста давядзецца зьмірыцца з гэтым.

Мэблевы рытэйлер IKEA нават заявіў, што будзе зьніжаць цэны, як і плянаваў, і мае запасы, каб амартызаваць любыя збоі ў ланцужку паставак. Пакуль так стаяць справы ў дастатковай колькасьці кампаній, збой у лягістыцы не прывядзе да росту спажывецкіх цэнаў.

Але чым даўжэй ён будзе працягвацца, тым з большай верагоднасьцю ён будзе адбівацца на шырэйшай эканамічнай карціне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пазытыўна ацанілі вынікі ракетнай атакі па аб’ектах хусітаў і нанесьлі яшчэ адзін удар

Думка экспэртаў

Выкарыстоўваючы адпаведную ацэнку МВФ, выданьне Oxford Economics 4 студзеня падлічыла, што рост коштаў кантэйнэрных перавозак дадасьць праз год 0,6 адсоткавага пункта інфляцыі. Тым часам ЭЦБ чакае, што інфляцыя ў эўразоне зьнізіцца з 5,4% у 2023 годзе да 2,7% сёлета.

«Хоць гэта гаворыць пра тое, што ўстойлівае закрыцьцё Чырвонага мора не прадухіліць падзеньня інфляцыі, такі ход падзей запаволіць яе вяртаньне да нармальнага стану», — мяркуюць у Oxford Economics. Аднак ня лічаць, што гэта перашкодзіць працэнтным стаўкам пачаць зьніжацца.

У сваю чаргу, напады хусітаў і шырэйшыя праблемы на Блізкім Усходзе становяць адну з «геапалітычных рызык», якія бярэ пад увагу кіраўніцтва цэнтральных банкаў пры абмеркаваньні грашова-крэдытнай палітыкі. Існуе страх перад эскаляцыяй канфлікту, і сам гэты страх можа паўплываць на тое, якія рашэньні будуць прымацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра хусітаў, атакі кааліцыі ЗША на іх цэлі ў Емэне і праблему суднаходзтва ў Чырвоным моры