У інтэрнэце зьявілася відэа, на якім чальцы каманды праекту, як мяркуецца, ужываюць наркотыкі падчас навагодняга карпаратыву. Акрамя таго, на гэтым відэа ёсьць запісы размоваў супрацоўнікаў і тэлефонных званкоў, падчас якіх яны абмяркоўваюць пакупку наркатычных рэчываў.
Заснавальнік праекту Дзяніс Бігус пацьвердзіў, што на відэа сапраўды ягоныя апэратары, і паабяцаў звальненьні, а таксама заявіў, што за яго камандай некалькі месяцаў вялі незаконнае сачэньне.
Пазьней намесьнік галоўнага рэдактара «Bihus.Info» Максім Апанасенка распавёў, што каманда зьвернецца да праваахоўных органаў са скаргамі на незаконнае сачэньне. Паводле яго слоў, на відэа — кампіляцыя аўдыёразмоваў супрацоўнікаў, якім некалькі месяцаў, а некаторым амаль год. Гэта сьведчыць аб тым, што іх праслухоўвалі даволі доўга, зьбіраючы кампрамат. Рэдакцыя мяркуе, што гэта можа быць спробай ціску на іх з боку тых, хто ўжо быў фігурантамі расьсьледаваньняў ці мог імі стаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў: Існаваньне Ўкраіны — падстава для вайныКіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады па пытаньнях свабоды слова Яраслаў Юрчышын заклікаў украінскія органы ўлады ўмяшацца і даць ацэнку дзеяньням тых, хто праслухоўваў журналістаў і апублікаваў на іх кампрамат.
«Гэта дакладна перашкода, ціск, незаконныя дзеяньні. Але хто іх учыняў — на гэта павінныя адказваць праваахоўныя органы. Інакш падазрэньні, якія ўжо гучаць з усіх бакоў, што гэта і былі праваахоўныя органы ў інтарэсах аднаго з прадстаўнікоў улады, будуць фактычна пацьверджаныя. Маўчаньне Службы бясьпекі Ўкраіны, без дазволу якой не маглі б ажыцьцяўляцца такія запісы, Нацыянальнай паліцыі, Офіса Генэральнага пракурора хутчэй гуляе супраць іх», — заявіў ён.
Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што ўжо пачала расьсьледаваньне незаконнага падслухоўваньня і здымкі журналістаў. Скандал з журналістамі ў сваім вячэрнім звароце пракамэнтаваў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Служба бясьпекі Ўкраіны пачала расьсьледаваньне і высьветліць усе абставіны. Любы ціск на журналістаў недапушчальны», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы нязручны сцэнар для Лукашэнкі і як пойдзе вайна ва Ўкраіне. Леся Руднік і Яўген МагдаПраект расьсьледаваньняў «Bihus.Info» існуе з 2013 году. За гэты час журналісты зрабілі шэраг гучных матэрыялаў, у тым ліку паводле наступных сюжэтаў:
- карупцыйны скандал з сям’ёй Гладкоўскіх на абаронных закупках;
- аб рабоце рэстарану дэпутата ад партыі «Слуга народа» Мікалая Цішчанкі падчас пандэміі каранавірусу;
- аб сувязях прарасейскага палітыка Віктара Мядзьведчука з Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам.
Апошняе расьсьледаваньне ад 15 студзеня 2024 году тычылася Офіса ўкраінскага прэзыдэнта і кампаніі «Мэдыятэка», якая за бюджэтныя грошы рыхтавала скажоныя мэдыясправаздачы для чыноўнікаў.