Як піша АПК, прадстаўнікі польскага боку адзначылі, што падтрымка беларускага грамадзтва ў яго імкненьні да свабоды працягнецца як з боку польскіх унівэрсытэтаў, так і ўладаў Польшчы.
У сустрэчы прыняў удзел намесьнік прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэньні Кабінэта Павал Баркоўскі, намесьнік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Анджэй Шэптыцкі, павераны ў справах Польшчы ў Беларусі (2020–01.2024) Марцін Вайцяхоўскі.
Павал Баркоўскі выказаў удзячнасьць польскаму ўраду і дырэкцыі праграмы за існаваньне гэтай ініцыятывы, гісторыя якой пачынаецца з пратэстаў пасьля выбараў 2006 году і пачатку сыстэмных рэпрэсій супраць беларускага студэнцтва.
Баркоўскі выказаў гонар за прысутных і іх грамадзянскую пазыцыю, якая стала прычынай далучэньня навучэнцаў да праграмы, і спадзяваньне, што яны стануць карыснымі спэцыялістамі для новай Беларусі.
Прадстаўнікі польскага боку адзначылі, што падтрымка беларускага грамадзтва ў яго імкненьні да свабоды працягнецца як польскімі ўнівэрсытэтамі, так і дзяржаўнымі ўладамі Польшчы.
Сярод узьнятых студэнтамі тэмаў:
- памер стыпэндый і неабходнасьць іх індэксацыі, своечасовасьць выплат;
- стварэньне дапаможніка з найбольш частымі пытаньнямі для новых удзельнікаў Праграмы імя Каліноўскага, каб палепшыць іх інтэграцыю ў польскае акадэмічнае асяродзьдзе;
- легалізацыя дакумэнтаў, неабходных для навучаньня, празь цяжкасьці з атрыманьнем дадзеных ЦТ і апастылю для навучэнцаў, якія падпадаюць пад перасьлед у Беларусі;
- прынцыпы адбору кандыдатаў у працэсе рэкрутацыі;
- паляпшэньне ўзаемадзеяньня з кіраўніцтвам праграмы і стварэньне інстытута выбраных прадстаўнікоў навучальных груп (стараст).
Як паведамляе АПК, у выніку сустрэчы Анджэй Шэптыцкі запэўніў, што зь яго боку будуць прыкладзены намаганьні для падвышэньня стыпэндый праграмы Каліноўскага сама меней да ўзроўню памеру стыпэндый навучэнцаў праграм NAWA (Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў). Пра канкрэтныя памеры інфарамцыі няма.
Дырэкцыя праграмы таксама паабяцала стварыць спэцыяльны дапаможнік-інфарматар для новых навучэнцаў і падбаць пра арганізацыю выбараў прадстаўнікоў навучальных груп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала адкрыцьцё беларускамоўных школ у Польшчы зь міністрам адукацыі краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы правёў перамовы зь Ціханоўскай і прыняў беларусаў у сваёй рэзыдэнцыі ў Бэльвэдэры