За мінулыя суткі (з 6:00 17 студзеня па 6:00 18 студзеня) у Беларусі здарыўся 21 пажар. На іх загінулі чатыры чалавекі, паведаміла прэс-служба Міністэрства надзвычайных сытуацый.
Паводле статыстыкі ведамства, з пачатку году на 409 пажарах загінуў 71 чалавек (за той жа пэрыяд 2023-а было 294 пажары і 35 гібеляў на іх адпаведна). Траўмаваныя 38 чалавек. Летась траўмаваных было 22.
За апошнія 10 гадоў ахвярамі пажараў сталі 6076 чалавек (у стане алькагольнага ап’яненьня на момант сьмерці былі 4125, ці 68%).
МНС настойвае на строгім выкананьні правілаў пажарнай бясьпекі, у прыватнасьці на ўтрыманьні сыстэм ацяпленьня ў належным парадку.
Ведамства заклікае не курыць у памяшканьнях, тым больш у ложку і асабліва ў нецьвярозым стане; не выкарыстоўваць папяровыя ёмістасьці ў якасьці попельніц, ня кідаць недакуркі з гаўбцоў і лёджый; сачыць, каб попел не трапляў на гаручыя матэрыялы ці падлогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Мсьціслаўшчыне ў пажары загінулі двое, у тым ліку дзіця ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць чалавек загінулі на пажарах у Беларусі за апошнія суткі