Экс-кіраўніку МУС Польшчы ў турме прызначылі прымусовае кармленьне

Марыюш Каміньскі

Былога міністра ўнутраных спраў Польшчы Марыюша Каміньскага ў турме будуць прымусова карміць. Пра гэта на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Каміньскі ўжо тыдзень трымае галадоўку на знак пратэсту супраць вынесенага яму прысуду ў справе аб перавышэньні паўнамоцтваў.

Дуда падкрэсьліў, што лічыць Каміньскага і арыштаванага разам зь ім ягонага намесьніка Мацея Вонсіка палітвязьнямі, а іх перасьлед — незаконным. Паводле Дуды Каміньскі і Вонсік былі сумленнымі дзяржаўнымі службоўцамі і «бязьлітасна змагаліся з карупцыяй».

Дуда паведаміў, што рашэньне аб прымусовым кармленьні Каміньскага было вынесенае польскім судом у сераду, паколькі ягоны стан пагражае жыцьцю і здароўю. Прэзыдэнт заклікаў генэральнага пракурора Польшчы Адама Боднара вызваліць Каміньскага і Вонсіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы паліцыя затрымала былых кіраўнікоў МУС. Апазыцыя заклікала да пратэсту

Каміньскі абвясьціў галадоўку пасьля зьмяшчэньня ў турму 10 студзеня. 9 студзеня, пасьля арышту, гэта зрабіў і яго былы намесьнік Мацей Вонсік. Абодва яны асуджаныя на два гады пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Гісторыя судовага перасьледу Каміньскага і Вонсіка налічвае больш за 10 гадоў. Ім ставіцца ў віну злоўжываньне службовым становішчам у 2007 годзе, калі Каміньскі кіраваў Цэнтральным антыкарупцыйным бюро. У 2015 годзе абодва былі асуджаныя на тры гады пазбаўленьня волі, але Анджэй Дуда, які таксама займаў тады пасаду прэзыдэнта краіны, вынес рашэньне аб памілаваньні яшчэ да ўступленьня прысуду ў законную сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская апазыцыя правяла акцыю пратэсту ў Варшаве

Пасьля шэрагу пераглядаў абставінаў справы Вярхоўны суд у сьнежні 2023 года адмяніў рашэньне аб памілаваньні і прыгаварыў былых кіраўнікоў МУС да двух гадоў пазбаўленьня волі. 9 студзеня яны былі арыштаваны ў прэзыдэнцкім палацы.

Крымінальны перасьлед Камінскага і Вонсіка абвастрыў спрэчкі паміж прэзыдэнтам Дудам і прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, які заявіў, што прэзыдэнт перашкаджае правасудзьдзю, хаваючы злачынцаў. 11 студзеня дзясяткі тысяч палякаў выйшлі на дэманстрацыю ў Варшаве, выказваючы незадаволенасьць палітыкай Туска і яго кабінэта.