На пытаньні пра кандыцыю беларускай эканомікі і чаканьні ад новага году ў эфіры «Свабоды Premium» адказвае бізнэсовец і блогер Аляксандар Кныровіч.
Ужо больш як год таму ў Беларусі забаранілі рост цэнаў. Гэты крок шмат хто крытыкаваў. Лукашэнка перад Новым годам заяўляў: «Нічога ня здарылася, працуем нармальна». Ці было гэта сапраўды эфэктыўным рашэньнем?
Кныровіч: Калі б яны выконвалі гэты загад спыненьня росту цэнаў, то мы пабачылі б тое, што і прагназавалі розныя незалежныя ад улады эканамісты. Але за гэты час цэны ў краіне вырасьлі. Толькі афіцыйная інфляцыя за 2023 год склала 5,8%. Спажывецкая інфляцыя была на некалькі адсоткаў большай. А рэальная інфляцыя, якая адбіваецца на гаманцах беларусаў, большая за 10%. Таму дэфіцыту не адбылося, але ж і загад ня выкананы. Яшчэ да гэтага загаду міжнародныя структуры прагназавалі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2023 годзе будзе прыблізна 8%. Пасьля загаду яна стала 5,8%. І вось гэтай розьніцай у 2% мы заплацілі за тое, што адбывалася, за крымінальныя справы супраць прадпрымальнікаў, адміністратыўныя суды. У нас палову году гандаль працаваў у мінус, гэта таксама вынік згаданага рэгуляваньня. «Бусьлік» сыходзіць з рынку, павінен быў зачыніцца «Віталюр», у «Эўраопта» ўпалі паказьнікі. Зьменшылася надбаўка, і яны працуюць на мяжы прыбытку. Але калі б улады выканалі свой загад, калі б цэны сапраўды не расьлі, то мы б убачылі сапраўды савецкі дэфіцыт.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Перад Новым годам віцэ-прэм’ер Снапкоў на нарадзе ў Лукашэнкі канстатаваў, што па выніках 11 месяцаў году розьнічны тавараабарот вырас на 8,2 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
Ён заўважыў, што ў параўнаньні з 2016 годам за сярэднюю намінальную заработную плату можна набыць на 60 працэнтаў больш сьвініны, на 60 працэнтаў больш мяса птушкі, малака — у 1,4 раза больш, а бульбы — на 10 працэнтаў.
За 9 месяцаў продажы новых аўтамабіляў вырасьлі на 11%, тэлевізараў — на 16%, ровараў — на 18%, адзеньня — на 58%. Тавараабарот па харчовых таварах павялічыўся на 4,9 працэнта, нехарчовых — на 11 працэнтаў, што дало магчымасьць удвая кампэнсаваць падзеньне мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады: Валавы ўнутраны прадукт за 2023 год вырас больш, чым плянавалі