Журналіста Радыё Свабода Дзьмітра Еўчына паранілі на фронце падчас здымкаў

Дзьмітро Еўчын

Раніцай 17 студзеня здымачная група «Крым.Реалии» (праект Радыё Свабода) трапіла пад артылерыйскі абстрэл падчас здымкаў тэлесюжэту на поўдні Ўкраіны, быў паранены журналіст Дзьмітро Еўчын.

Група ў складзе журналіста Дзьмітра Еўчына і апэратара Мікіты Ісайка здымала тэлесюжэт на перадавой у раёне Рабаціна Запароскай вобласьці. У выніку мінамётнага абстрэлу Еўчын атрымаў асколачнае раненьне ў нагу. Украінскія вайскоўцы разам з апэратарам аказалі яму першую дапамогу і эвакуавалі на стабілізацыйны пункт у суседняе сяло, а потым перавезьлі ў шпіталь у Запарожжы.

Па словах лекараў, апэрацыя прайшла пасьпяхова, Дзьмітро Еўчын пакуль застанецца ў рэанімацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі сэнатар паказаў партрэты зьняволеных журналістаў Свабоды падчас афіцыйнай прамовы. ФОТА

Дзмітро Еўчын з 2018 году працуе ў праекце «Крым.Реалии», быў вядоўцам тэлепраграм і аўтарам рэзанансных сюжэтаў пра жыцьцё ў акупаваным Расеяй Крыме. З пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе асьвятляе баявыя дзеяньні, працуе на перадавой. Разам з апэратарам Мікітам Ісайкам рабіў рэпартажы зь перадавой на паўднёвым напрамку ўкраінска-расейскага фронту.

Паводле ўкраінскага Інстытуту масавай інфармацыі, зь лютага 2022 году ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 70 журналістаў, зь іх 10 — падчас прафэсійнай журналісцкай дзейнасьці, 25 журналістаў атрымалі раненьні.