Начальнік сьледчага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Харкаўскай вобласьці Сяргей Болвінаў паведаміў, што пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў на тэрыторыі рэгіёну знайшлі 28 катоўняў, у якіх расейцы незаконна ўтрымлівалі і катавалі мясцовых жыхароў.
«Мы знайшлі 28 катоўняў. Гэта найбольшая колькасьць па Ўкраіне. Тры зь іх яшчэ не агледзелі, бо яны знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, то бок у населеных пунктах, якія інтэнсіўна абстрэльвае Расея», — сказаў Сяргей Болвінаў на прэсавай канфэрэнцыі.
Паводле яго, цяпер сьледчыя расьсьледуюць 10 крымінальных спраў, у межах якіх выявілі 227 пацярпелых.
Сяргей Болвінаў паведаміў, што сярод найбольшых — справа пра катоўню ў горадзе Купянск. Яна знаходзілася ў памяшканьні ізалятара часовага трыманьня Купянскай паліцыі. Сьледчыя задакумэнтавалі 73 эпізоды і прызналі пацярпелымі 67 чалавек ва ўзросьце ад 16 да 65 гадоў. Сярод іх — фэрмэры, дырэктары школ, дзеці, пэнсіянэры, якія мелі праўкраінскую пазыцыю. Некаторых зь іх утрымлівалі больш за 100 дзён.
«У гэтай справе правялі сотні сьледчых дзеяньняў. Наяўных доказаў ужо дастаткова для кваліфікацыі дзеяньняў акупантаў як такіх, якія ўчыненыя ў складзе арганізаванай групы. Мы працуем над высьвятленьнем кожнага ката.
Але з-за таго, што яны хавалі свае твары, расьсьледаваць гэтую справу вельмі складана. Але мы маем шмат сьведчаньняў пацярпелых, сьпіс асабовага складу расейскіх паліцыянтаў, іх рапарты і журналы ўтрыманьня і ўжо неўзабаве абвесьцім ім падазрэньне», — паведаміў Сяргей Болвінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дэакупаваных тэрыторыях Украіны зафіксавалі 54 «катоўняў» і больш за 5 тысяч ахвяраў катаваньняў і гвалту з боку расейцаўРаней у Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамлялі, што на вызваленых ад расейцаў украінскіх тэрыторыях зафіксавалі 5079 выпадкаў катаваньняў і выявілі 54 месцы жорсткага абыходжаньня з насельніцтвам (так званыя «катоўні»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская паліцыя расказала, колькі целаў забітых мірных жыхароў і вайскоўцаў эксгумавалі ў вызваленай Харкаўскай вобласьці