Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла 6 студзеня аб накіраваньні спэцыяльнай камісіі ў Салігорскую цэнтральную раённую лякарню пасьля скаргі пацыенткі ў сацыяльных сетках на халатнасьць з боку супрацоўнікаў радзільнага дому.
Як паведаміла выданьне reform-by, пацярпела жыхарка Салігорску Дар’я Дэйлід. Яна запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам разабрацца ў сытуацыі і разьмясьціла адпаведны відэазапіс у TikTok.
Дар’я паведаміла аб халатным стаўленьні да яе з боку супрацоўнікаў радзільні, у выніку якога пацярпеў яе нованароджаны сын — ён цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі з 3-й ступеньню дыхальнай недастатковасьці, ацёкам мозгу і кефалагематомай.
Пацыентка расказала, што яе плянава шпіталізавалі 4 студзеня на роды на 41-м тыдні цяжарнасьці. Потым цягам трох дзён выдавалі розныя прэпараты для стымуляцыі родаў.
Паводле яе, нягледзячы на тое, што прэпараты не падзейнічалі, яе прымусілі нараджаць з наступным выцісканьнем дзіцяці праз радавыя шляхі, хоць сваякі і яна прасілі зрабіць ёй кесарава сячэньне.
«Усе мае крыкі аб дапамозе мне і дзіцяці праігнаравалі. Толькі калі ў дзіцяці спынілася праслухоўваньне сэрцабіцьця, мне зрабілі агульны наркоз і кесарава сячэньне экстранае. На пытаньне мэдычным работнікам, што здарылася, маім сваякам (мужу, маці і сястры) сказалі пазваніць маме, то бок мне, і запытаць у мяне, што здарылася», — цытуе выданьне пацярпелую пацыентку.
Цяпер нованароджаны сын Дзьмітры знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Мой сын атрымаў найцяжэшую ступень асфіксіі і знаходзіцца ў аддзяленьні дзіцячай рэанімацыі горада Салігорску Менскай вобласьці на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх з такім дыягназам: «цяжкая ступень асфіксіі, кефалагематома левай цемянной косткі пры родавай траўме, ацёк галаўнога мозгу, дыхальная недастатковасьць», — паведаміла Дар’я.
Дар’я Дэйлід заклікала зьняць запісы з камэр відэаназіраньня ў родавой і перадродавай палатах і пакараць вінаватых «на ўзроўні прэзыдэнцкай праверкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына-2023: дэфіцыт лекаў, мэдыкаў і паслугаў, разбурэньне прыватнага сэктару, самыя закрытыя сфэры