На гэты момант прычына сьмерці Вадзіма Храсько ды іншыя абставіны з пэўнасьцю не вядомыя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, ягоная сьмерць магла быць выкліканая несвоечасовым аказаньнем яму належнай мэдыцынскай дапамогі.
«У сувязі з чарговай сьмерцю палітычнага зьняволенага ў Беларусі мы нагадваем уладам аб міжнародных абавязаньнях у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыцьцё зьяўляецца неад’емным правам кожнага чалавека.
Зноў зьвяртаем увагу, што, нягледзячы на сур’ёзнае захворваньне Вадзіма Храсько і наяўнасьць у частцы 1 артыкулу 361-2 Крымінальнага кодэксу Беларусі альтэрнатыўных відаў пакараньняў, судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач прызначыў яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін тры гады, а судовая калегія Вярхоўнага суду пакінула гэты прысуд у сіле», — пішуць праваабаронцы ў агульнай заяве.
Яны адзначаюць, што чарговая сьмерць палітвязьня ў месцах пазбаўленьня волі за кароткі час празь неаказаньне належнай мэдыцынскай дапамогі, зьяўляецца наступствамі дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжаньня зь людзьмі, якое грунтуецца на палітычных матывах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вёў сямейны Youtube-канал, працаваў у IT. Што вядома пра палітвязьня Вадзіма Храсько, які загінуў за кратаміПраваабаронцы падкрэсьлілі, што адбываньне пакараньня ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зьняволеных доступу да спэцыялізаванай мэдыцынскай дапамогі.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці:
- заклікалі Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце сьмерці Вадзіма Храсько, правесьці аб’ектыўнае і ўсебаковае расьсьледаваньне для ўстанаўленьня прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадзкасьць аб яго выніках;
- патрабуюць праінфармаваць грамадзкасьць аб выніках расьсьледаваньня сьмерцяў іншых палітычных зьняволеных у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна;
- патрабуюць правесьці праверку і па ўсіх выпадках парушэньня права на ахову здароўя ў месцах пазбаўленьня волі ды ўжыць адпаведныя меры дзеля прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, каб не дапусьціць падобных трагічных наступстваў у будучыні;
- патрабуюць ад уладаў забясьпечыць належную мэдыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўленьня волі, у тым ліку наяўнасьць кваліфікаванага мэдыцынскага пэрсаналу і адпаведнага абсталяваньня;
- патрабуюць ад супрацоўнікаў пэнітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, што ажыцьцяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), а таксама іх кіраўніцтва, выкананьня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязаньняў у забесьпячэньні аховы жыцьця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і тых, якія знаходзяцца ў ізаляцыі, апэратыўна рэагаваць на скаргі зьняволеных, зьвязаныя са здароўем, прымаць тэрміновыя захады для іх разгляду;
- заклікаюць судзьдзяў у час прызначэньня пакараньня ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, калі таго патрабуюць абставіны.
«Названыя патрабаваньні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасьці аб недапушчальнасьці перасьледу грамадзян за ажыцьцяўленьне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызваленьня і перагляду крымінальных спраў усіх палітвязьняў у Беларусі».
Беларуская праваабарончая супольнасьць выказала глыбокія спачуваньні сям’і, родным і блізкім Вадзіма Храсько ў сувязі зь ягонай сьмерцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як лечаць у калёніі «Віцьба-3», дзе памерлі ўжо двое палітвязьняў. Расказваюць сьведкіЗаяву падпісалі:
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Прававая ініцыятыва;
- Human Constanta;
- Беларускі ПЭН;
- Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава;
- Lawtrend.
У ноч з 8 на 9 студзеня 2024 году ў калёніі «Віцьба» ад пнэўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Яго шпіталізавалі, але мэдыкі ўжо ня здолелі яго выратаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ты памрэш, Радзіма нічога ня страціць». Былы турэмны мэдык і палітзьняволеная пра сьмерць за кратаміСьмерць Вадзіма Храсько — чацьвёртая за апошні час сьмерць палітвязьня ў беларускіх турмах. У траўні 2021 году ў ПК № 17 у Шклове памёр Вітольд Ашурак, у траўні 2023 у калёніі «Віцьба» — Мікалай Клімовіч, у ліпені 2023 у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Горадні памёр мастак Алесь Пушкін, якога прывезьлі з турмы № 1 Горадні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апрача Вадзіма Храсько, які памёр у калёніі, за данаты асудзілі яшчэ амаль 60 палітвязьняў