Хроніка перасьледу 17 студзеня: 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у пасьлявыбарным пратэсьце

Машыны беларускіх сілавікоў. Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У судзе Ленінскага раёну Менску 28 сьнежня за ўдзел у маршы пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу асудзілі бармэнку Маргарыту Ермаліцкую. Справу разглядала судзьдзя Юлія Шчоткіна.

Маргарыту апазналі па фатаздымках, разьмешчаных на адным з сайтаў, і затрымалі зусім нядаўна – 7 сьнежня 2023 году.

На выстаўленых у судзе для агляду фатаздымках абвінавачаная апазнала сябе.

Суд прызначыў ёй 2 гады і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

У Берасьці мужчыну асудзілі за камэнтар

12 і 15 студзеня суд Маскоўскага раёну Берасьця разглядаў справу супраць Аляксандра Хведарука. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Судзьдзёй у справе была Марыя Аліфярук.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Хведарук пакінуў камэнтар пад відэа Акадэміі МУС, якое 5 лістапада 2022 году са сваім подпісам апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам». На ім выкладчыцы і курсанткі Акадэміі чытаюць верш Кацярыны Даўлатавай «Мужчынам няпроста».

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, у сваім камэнтары Аляксандар публічна абразіў жанчын. Дзьве выкладчыцы з роліка падалі да Хведарука пазоў «аб кампэнсацыі маральнай шкоды» па 2000 рублёў кожная.

Пракурор прапанаваў пакараць Аляксандра Хведарука двума гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ («хіміяй»). А таксама штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Прысуд пакуль не вядомы праваабаронцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 студзеня: затрыманьні ў мястэчку Моталь на Берасьцейшчыне; новыя выракі за ўдзел у пратэстах 2020-га
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 студзеня: у Менску за ўдзел у пратэстах асудзілі мэнэджара аўдытарскай кампаніі