Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб пачатку падрыхтоўкі разам з Швайцарыяй Глябальнага саміту міру на ўзроўні лідэраў краін.
«Сёньня нашы каманды ўжо пачалі працу над арганізацыяй гэтага саміту. Ня трэцяя ўсясьветная вайна, а Глябальны саміт міру. Я запрашаю кожнага лідэра і краіну, якая паважае мір і міжнароднае права, далучыцца да нас», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў часе свайго выступу на Сусьветным эканамічным форуме ў швайцарскім Давосе.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што цяпер вельмі важна атрымаць адказы на пытаньні, калі скончыцца вайна, разьвязаная Ўладзімірам Пуціным у Эўропе, і ці магчымая трэцяя ўсясьветная вайна.
«Поўнамаштабная вайна ў Эўропе працягваецца ўжо амаль два гады, а ўлічваючы час ад пачатку расейскай анэксіі нашага Крыму, ужо амаль 10 гадоў. І амаль 10 гадоў, як Расея ўмешваецца ў справы афрыканскіх краін, ад Судану да Малі, сырыйская вайна, якая дагэтуль крывавіць з прычыны рашэньня Пуціна нешта даказаць сьвету. І гэта працягваецца амаль 13 гадоў. Насамрэч адзін чалавек скраў 13 гадоў міру і замяніў іх болем і крызісамі, якія ўплываюць на ўвесь сьвет», — заявіў ён.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што цяпер любое зьмяншэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне прывязе да эскаляцыі сытуацыі з боку Расеі. Уладзімір Зяленскі таксама скрытыкаваў адсутнасьць належнай рэакцыі на падзеньне расейскіх ракет на тэрыторыі краін, якія ўваходзяць у NATO.
«Мы павінны зрабіць усё, каб вайна не прайшла праз Украіну ў іншыя краіны», — падкрэсьліў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Давосе: «Лукашэнка прадае сувэрэнітэт Беларусі Пуціну, каб захаваць уладу для сябе і сваёй эліты»«Кожнае зьніжэньне ціску на агрэсара дадае вайне гады. Але кожная інвэстыцыя ва ўпэўненасьць абаронцы скарачае вайну», — сказаў прэзыдэнт Украіны.