80 гадоў таму адбылася бітва пад Монтэ-Касына. У ёй бралі ўдзел і беларусы, у тым ліку брат паэткі Ларысы Геніюш

Монтэ-Касына

Бітву пад Монтэ-Касына называюць самай крывавай паміж заходнімі хаўрусьнікамі зь нямецкім Вэрмахтам. Яе часта параўноўваюць з Вэрдэнскай бітвай часоў Першай сусьветнай вайны. А самі немцы крывавасьцю параўноўвалі яе са Сталінградам. Яна адбылася 80 гадоў таму.

У 1987 годзе могілкі ў Монтэ-Касына наведаў лідэр Польскай Народнай Рэспублікі генэрал Войцех Ярузэльскі. Там спачывае амаль тысяча жаўнераў, якія бралі ўдзел у адной з самых вядомых бітваў ІІ сусьветнай вайны. На відэахроніцы, якая захавалася з таго візыту, відаць, як генэрал спыняецца каля двух пахаваньняў жаўнераў з сучаснай тэрыторыі Польшчы.

​Паводле адной зь легендаў, польская дэлегацыя наўмысна хацела пазьбегнуць зьяўленьня ў кадры помнікаў жаўнерам з усходніх міжваенных польскіх земляў — Заходняй Беларусі і Ўкраіны, якіх у Монтэ-Касына вельмі шмат. Генэрал Ярузэльскі нібыта не хацеў нэрваваць Маскву. У СССР герояў бітвы пад Монтэ-Касына, якія ўнесла вялізны ўклад у перамогу над нацыстамі, высылалі ў лягеры і сьціралі ў памяці.​

Што такое Монтэ-Касына:

  • Монтэ-Касына — гэта мястэчка паміж Рымам і Нэапалем, за 120 км ад італьянскай сталіцы, побач зь якім на скалістай гары знаходзіцца адзін з найстарэйшых у Эўропе кляштараў.
  • У 1940 годзе Італія далучылася да вайны на баку гітлераўскай кааліцыі, але ў 1943 годзе фашыстоўскі лідэр Італіі Бэніта Мусаліні быў арыштаваны. Новы ўрад уступіў у вайну на баку антыгітлераўскай кааліцыі.
  • Немцы пачалі адступаць з поўдня Італіі, ствараючы ў той жа час абаронную «лінію Густава», каб затрымаць сілы антыгітлераўскай кааліцыі. Цэнтральным пунктам умацаванай лініі, якая бараніла подступы да Рыма з поўдня, стаў кляштар Монтэ-Касына.

Бэнэдыктынскі кляштар, дзе знаходзіліся сілы Вэрмахту


Пры чым тут беларусы:

  • У 1939 годзе дзясяткі тысяч беларусаў, якія служылі ў Польскім войску, трапілі ў савецкі палон.
  • Разам зь іншымі рэпрэсаванымі беларусамі яны былі накіраваныя ў лягеры і спэцыяльнае пасяленьне ў Сібір, Урал і Сярэднюю Азію.
  • У канцы лета 1941 году савецкая ўлада дамовілася з польскім урадам у выгнаньні пра стварэньне на тэрыторыі СССР польскай арміі і амніставала з гэтай мэтай рэпрэсаваных.
  • У армію, якую ўзначаліў польскі генэрал Уладыслаў Андэрс, запісваліся і тысячы беларусаў. Усяго каля 120 тысяч жаўнераў арміі былі перакінутыя ў Іран, каб абараняць нафтавыя аб’екты. Летам зь іх быў утвораны II Польскі корпус Брытанскай арміі. 11 траўня 1944 году ён уступіў у баі за Монтэ-Касына.

Пахаваньне жаўнера з былога Стаўпецкага павету

Пад пад Монтэ-Касіна загінуў і брат Ларысы Геніюш. Імаверна, знойдзена месца яго пахаваньня

У 2023 годзе супрацоўнік Эўрапарлямэнту Яраслаў Мусько расказаў Свабодзе, што знайшоў пахаваньне брата паэткі Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касына.

На сайце польскіх вайсковых могілак у Італіі Яраслаў Мусько высьветліў, што ў невялікім горадзе Лярэта пахаваны Arkadiusz Mikłaszewicz, які служыў у 12-м палку падольскіх уланаў. Месца нараджэньня пазначанае як «Жлобаўцы Горадзенскага павету». На гэтым хутары нарадзілася Ларыса Геніюш. Дата нараджэньня Аркадзя — 15 лістапада 1922 году, дата сьмерці — 27 ліпеня 1944 году. Пражыў 21 год.

«Я не знайшоў іншага Аркадзя Міклашэвіча. Думаю, на 99,99% мы знайшлі магілу брата Ларысы Геніюш. Ці ведаў пра гэта хто раней, ня ведаю. Інфармацыі, дзе ён пахаваны, раней у інтэрнэце я ніколі не знаходзіў», — выказваў сваю думку Яраслаў Мусько.

Над меркаваным месцам спачыну Аркадзя Міклашэвіча на польскіх вайсковых могілках у Італіі ў горадзе Лярэта стаіць праваслаўны крыж. Фатаздымку, як на некаторых іншых надмагільлях, няма. Пазначана па-польску імя і прозьвішча, месца вайсковай службы і дата сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўпэўнены на 99,99%». Беларус кажа, што знайшоў пахаваньне брата Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна. ФОТА

Чаму бітва пад Монтэ-Касына важная для выніку ІІ сусьветнай вайны:

  • Дзякуючы перамозе ў гэтай бітве жаўнерам антыгітлераўскай кааліцыі была адкрытая дарога на Рым. Яны ўвайшлі ў горад праз два тыдні, а цягам году дайшлі да італьянска-аўстрыйскай мяжы.

Што сталася з удзельнікамі бітвы:

  • 924 чалавекі былі забітыя, 4199 параненыя.
  • Як сьцьвярджаў беларускі эмігранцкі гісторык Віктар Сянкевіч, які таксама быў былым жаўнерам польскіх Узброеных сілаў на Захадзе, у бітве пад Монтэ-Касына загінулі 264 жаўнеры-беларусы. Гэта ягоныя зьвесткі, пабудаваныя на матэрыялах польскага эмігранцкага архіву Ўладзіслава Сікорскага ў Лёндане.

  • Пасьля вайны жаўнеры ІІ Польскага корпусу засталіся на Захадзе. Часткова беларускія вайскоўцы вярталіся ў Беларусь у спадзяваньні на тое, што іх там спаткаюць як змагароў з гітлерызмам.

  • Але ў красавіку 1951 году звыш 5 тысяч былых жаўнераў польскіх Узброеных сілаў, якія змагаліся на заходніх франтах, так званых андэрсаўцаў, разам зь сем’ямі выслалі ў Казахстан, Сібір ды іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюзу.
  • У 1992 годзе «асобы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях супраць фашысцкай Нямеччыны і яе хаўрусьнікаў у складзе партызанскіх атрадаў, падпольных груп у гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі іншых дзяржаў» былі прызнаныя вэтэранамі Вялікай айчыннай вайны.

Першая публікацыя артыкулу ў 2019 годзе.