У школах для вучняў 10-11 клясаў арганізоўваюць факультатыў на ангельскай мове «Вайсковы пераклад».
Пастанова з такой інфармацыяй зьявілася на Нацыянальным прававым партале Беларусі.
У выніку засваеньня інфармацыі, якую хочуць прадставіць новаўведзеным факультатывам на ангельскай мове «Вайсковы пераклад», навучэнцы 10-11 клясаў павінны ведаць:
- вайсковую/ тэрміналёгію і абрэвіятуры ў аб’ёме цяперашняй вучэбнай праграмы;
- граматычныя зьявы, характэрныя для арыгінальных вайсковых і вайскова-тэхнічных тэкстаў на замежнай мове і дастатковых для зносін у працэсе перакладчыцкай дзейнасьці;
- агульныя зьвесткі аб узброеных сілах Вялікай Брытаніі і ЗША і іхным узбраеньні;
- клясыфікацыю вайскова-тапаграфічных мапаў,
а таксама:
- умець выкарыстоўваць атрыманыя веды ў розных сытуацыях іншамоўных зносін, вызначаных цяперашняй вучэбнай праграмай; здабываць інфармацыю з тэксту на вайсковую тэматыку;
- чытаць зьмест баявых дакумэнтаў і перадаваць іх сутнасьць на расейскай мове; перакладаць з ангельскай мовы на расейскую вайсковыя і вайскова-тэхнічныя тэксты або перадаваць іх зьмест на расейскай мове;
- ажыцьцяўляць двухбаковы пераклад гутаркі або допыту ваеннапалоннага (апытаньне мясцовага жыхара);
- вызначаць па знаках адрозьненьня вайскоўцаў узброеных сіл ЗША і Вялікай Брытаніі, іх прыналежнасьць да званьняў і катэгорыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх вайскоўцаў накіравалі ў Расею вывучаць досьвед вайны супраць Украіны