Чатыры мірныя жыхары забітыя і шэсьць параненыя пасьля таго, як ракеты пацэлілі ў элітную зону каля консульства ЗША ў Эрбілі, цэнтры паўаўтаномнага курдзкага рэгіёну Іраку, паведаміла AP са спасылкай на Раду бясьпекі Курдзкага рэгіянальнага ўраду.
Рэвалюцыйная гвардыя Ірану заявіла, што нанесла ўдар па штаб-кватэры ізраільскай выведкі «Масад». У іншай заяве гаворыцца, што Іран зьнішчыў некалькі аб’ектаў «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі.
З моманту пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС 7 кастрычніка апалчэнцы ў Іраку, якія падтрымліваюцца Іранам, амаль штодня наносілі атакі зь бесьпілётнікаў па базах амэрыканскіх узброеных сіл у Іраку і Сырыі, што, паводле груповак, было адплатай за падтрымку Ізраілю Вашынгтонам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з камандзіраў Корпусу вартавых іранскай рэвалюцыі загінуў у выніку ізраільскага ўдару ў СырыіАфіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША, які пажадаў застацца ананімным, сказаў, што Злучаныя Штаты адсочвалі ракеты, якія трапілі ў паўночны Ірак і паўночную Сырыю, і ніякія амэрыканскія аб’екты не пашкоджаныя і ня зьнішчаныя нападамі. Чыноўнік сказаў, што іранскія ўдары былі «неабдуманымі і недакладнымі».
У 2022 годзе Іран узяў на сябе адказнасьць за ракетны абстрэл у тым жа раёне каля консульскага комплексу ЗША ў Эрбілі. У Тэгеране тады заявілі, што гэта была помста за ізраільскі ўдар у Сырыі, у выніку якога загінулі два члены Рэвалюцыйнай гвардыі. А ў мінулым месяцы Іран абвінаваціў Ізраіль у забойстве высокапастаўленага іранскага генэрала Сэеда Разі Мусаві ў выніку авіяўдару па раёне Дамаску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: дрон, які атакаваў танкер каля берагоў Індыі, быў запушчаны з Ірану