Кіраўніца МЗС Паўночнай Карэі прыбыла ў Расею пасьля заяў КНДР аб выпрабаваньнях новай ракеты

Сяргей Лаўроў і Чхо Сон Хуэй падчас сустрэчы ў Пхэньяне, кастрычнік 2023

Міністарка замежных спраў Паўночнай Карэі Чхо Сон Хуэй на гэтым тыдні наведвае Расею для перамоваў са сваім калегам Сяргеем Лаўровым у той час, як дзьве краіны паглыбляюць эканамічныя, палітычныя і вайсковыя сувязі.

Чхо Сон Хуэй прыбыла ў Маскву 14 студзеня, яе сустрэлі прадстаўнікі расейскага Міністэрства замежных спраў і пасольства Паўночнай Карэі, паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва KCNA 15 студзеня.

Візыт праходзіць на фоне заяў Паўночнай Карэі аб выпрабаваньнях 14 студзеня новай цьвердапаліўнай гіпэргукавой ракеты сярэдняй далёкасьці.
Запуск балістычнай ракеты, першы ажыцьцёўлены Паўночнай Карэяй у гэтым годзе, асудзілі ядзерныя пасланьнікі Паўднёвай Карэі, ЗША і Японіі, пасьля трохбаковай тэлефоннай размовы заявілі, што правакацыі КНДР зьяўляюцца асноўнай прычынай нестабільнасьці ў рэгіёне.

Традыцыйныя саюзьнікі, Расея і Паўночная Карэя, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўзмацнілі сувязі, лідэр КНДР Кім Чэн Ын у верасьні 2023 году зьдзейсьніў рэдкую замежную паездку, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным на Далёкім Усходзе Расеі.

Вышэйшыя расейскія чыноўнікі, уключаючы міністра абароны Сяргея Шайгу і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, таксама летась наведалі Паўночную Карэю.

Раней у гэтым месяцы Белы дом абвінаваціў Паўночную Карэю ў пастаўках балістычных ракет і пускавых установак у Расею. Пастаўленыя Пхэньянам ракеты з радыюсам дзеяньня каля 900 кілямэтраў былі выкарыстаныя Расеяй для нападаў на Ўкраіну, заявілі чыноўнікі.

Паўднёвая Карэя абвінаваціла Пхэньян у тым, што ён даў Маскве больш за мільён артылерыйскіх снарадаў у абмен на парады аб вайсковых спадарожнікавых тэхналёгіях.

У кастрычніку 2023 г. ЗША заявілі, што Паўночная Карэя даставіла Расеі больш за 1000 кантэйнэраў вайсковага абсталяваньня і боепрыпасаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя выпусьціла каля 200 артылерыйскіх снарадаў у бок вострава, які належыць Паўднёвай Карэі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КНДР запусьціла балістычную ракету, здольную дасягнуць тэрыторыі ЗША